Skip to main content

Біскуп Станеўскі ва ўрачыстасць св. Юзафа ўзначаліў Імшу ў гродзенскай катэдры

juzafa 3519 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Урачыстая літургія адбылася ля бакавога алтара ў гонар св. Юзафа.

На Імшы сабраліся шматлікія жыхары Гродна, якія прыбылі, каб сваімі малітвамі атачыць біскупа Юзафа ў дзень яго імянін. Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама за Папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI, якім апякуецца святы Юзаф, і за ўсіх, хто падчас хросту атрымаў імя гэтага святога.

У гаміліі біскуп Станеўскі адзначыў, што св. Юзаф з’яўляецца апекуном усіх часоў, асабліва ж указвае жыццёвы шлях сучасным бацькам сем’яў, мужчынам і хлопцам. Іерарх падкрэсліў, што гэты святы – непераўзыдзены ўзор выхаваўцы.

Біскуп дадаў, што дзецям неабходна прысутнасць бацькі, яго блізкасць і любоў. Таму ён заклікаў, каб бацькі ХХІ ст. былі для іх падобнымі да святога Юзафа: апекунамі іх узрастання ў гадах, мудрасці і ласцы, а таксама апекунамі іх жыццёвага шляху, выхаваўцамі.

На заканчэнне Імшы кс. канонік Ян Кучынскі, пробашч катэдры, падзякаваў біскупу за тое, што ён узначаліў літургію, і ад імя парафіяльнай супольнасці і ўсіх прысутных выказаў самыя сардэчныя віншаванні. Да віншаванняў далучыліся наймалодшыя парафіяне – дзеці, якія з усяго сэрца скіравалі імянінніку словы, поўныя радасці і любові.

Прадстаўнікі апостальства “Маргарытка”, якія штодзённа моляцца за святароў, таксама выказалі іерарху словы віншавання, запэўніўшы ў сваёй пастаяннай малітве.

Kс. Юрый Марціновіч