Skip to main content

Велiкапосная пастырская сустрэча прайшла ў Лідзе

swiatary ld 30Mалітва Брэвіярыя, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Крыжовы шлях і святая Імша былі ў праграме пастырскай сустрэчы святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, што 18 сакавіка адбылася ў лідскай парафіі Святой Сям’і.

Сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічаў таксама дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Падчас набажэнства Крыжовага шляху сабраныя перапрашалі за святарскія грахі і занядбанні, а таксама прасілі, каб Божая ласка аднаўляла штодзённае служэнне кожнага святара дыяцэзіі.

Падчас Імшы, якую ўзначаліў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, асаблівым чынам маліліся за ўсіх, чыім апекуном з’яўляецца святы Юзаф. Атачылі малітвамі Пантыфіка на пенсіі Бэнэдыкта XVI, біскупа Юзафа Станеўскага і святароў, якія падчас святога хросту атрымалі гэтае імя.

Гамілію прамовіў гаспадар месца сустрэчы, пробашч лідскай парафіі кс. канонік Юзаф Ганьчыц. Ён адзначыў, што святы Юзаф дапамагае знаходзіць адпаведныя сродкі для дасягнення пастаўленай мэты і кіравацца да яе з трываласцю і надзеяй, якую ўскладаем на Бога і перспектыву будучыні.

swiatary ld 38

На заканчэнне літургіі ад імя ўсяго прэзбітэрыя Гродзенскай дыяцэзіі віншаванні біскупу Юзафу Станеўскаму з імянінамі выказаў дэкан Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра кс. Генрых Яблоньскі.

Пастырская сустрэча завяршылася супольным абедам, падчас якога святары мелі магчымасць падзяліцца перажываннем часу Вялікага посту ў сваіх парафіяльных супольнасцях.

Kс. Юрый Марціновіч