22-24 лютага ў кляштары сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) прайшлі дні малітвы для дзяўчат. Сустрэча адбылася пад дэвізам «Тваё жыццё ў Божых руках. Даверся Яму!».
Кожная з удзельніц прыехала сюды са сваімі думкамі і інтэнцыямі, каб даверыць іх Марыі, нашай Маці, Каралеве святога шкаплера.
У праграме былі канферэнцыя, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, святая Імша, дзяленне Божым словам і супольная малітва ў кармэліцкім духу.
Падчас канферэнцыі, з якой выступіў ксёндз Яўген Учкуроніс, пробашч парафіі Св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні, удзельніцы разважалі пра давер да Нябеснага Айца.
Напрыканцы рэкалекцый усе падзяліліся сваімі ўражаннямі і перажываннямі ў цёплай размове.
Умацаваныя Божай ласкай, дзяўчаты вярнуліся да сваіх абавязкаў, працы і вучобы. Дні малітвы ў цішыні – цудоўная магчымасць пераасэнсаваць сваё жыццё. У тых, хто прымае ў іх удзел, з’яўляецца моцнае жаданне застацца тут у цішыні і спакоі так, як святы Пётр хацеў застацца з Панам на гары Табор.
С. Магдаліна Кулай CSCIJ