Skip to main content

Каманда гродзенскай парафіі перамагла на Міжнародным турніры па футболе

w wa f 20З 28 студзеня па 2 лютага ў Варшаве праходзіць XXVIII Міжнародны турнір па футболе сярод дзяцей і моладзі ва ўзроставых групах з 2002 па 2009 гг. нараджэння. У турніры ўдзельнічаюць каманды з Польшчы, Беларусі, Украіны, Літвы.

У гэтым годзе аднымі з прастаўнікоў Гродзенскай дыяцэзіі сталі дзве каманды гродзенскай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (Аўгустовак) – Гродна-Аўгустовак 2002 г. нар. і Гродна-Аўгустовак 2004 г. нар., у якія, акрамя гульцоў з гэтай парафіі, увайшлі таксама прадстаўнікі іншых парафій Гродна.

Ініцыятарам гэтых зборных выступіў кс. Артур Малафей, адказны па справах спорту ў Гродзенскай дыяцэзіі, які з'яўляўся апекуном групы. Дапамогу ў выездзе аказаў трэнер-апякун Аляксандр Гусар, прадстаўнік футбольнага клубу «Слонім».

w wa f 5

Галоўная мэта турніру – выхаванне дзяцей і моладзі праз занятак спортам, інтэграцыя са сваёй парафіяй, уменне правільна паводзіць сябе на пляцоўцы, культура паводзінаў падчас гульні і на трыбунах, уменне планаваць вольны час у штодзённым жыцці.

Усе ўдзельнікі турніру распачыналі кожны дзень святой Імшой. Агульная малітва на пачатак турніру і яго завяршэнне дапамагала прысутным пранікнуцца атмасферай любові да Бога і бліжняга. Мясцовыя сем'і з вялікім задавальненнем і адкрытым сэрцам прымалі дзяцей на начлегі.

 

Вынікі:

  • каманда Гродна-Аўгустовак 2002 заняла выніковае 1 месца на турніры, выйграўшы 10 матчаў;
  • - лепшым бамбардзірам турніру ў гэтай катэгорыі стаў прадстаўнік каманды Гродна-Аўгустовак 2002 Мікіта Заяц, які падчас турніру забіў 9 галоў у брамы супернікаў;
  • - каманда Гродна-Аўгустовак 2004 заняла 1 месца на турніры, выйграўшы ўсе 5 матчаў у каманд-удзельніц;
  • - лепшым бамбардзірам турніру ў гэтай катэгорыі стаў прадстаўнік каманды Гродна-Аўгустовак 2004 Кірыл Тарасюк, які падчас турніру забіў 19 галоў у брамы супернікаў.


Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі і памятнымі прызамі ад арганізатара – Каталіцкага спартыўнага таварыства Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі ў асобах кс. Міраслава Мікульскага і кс. Славаміра Кельчыка.

На цырымоніі ўзнагароджання прысутнічаў ардынарый Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі біскуп Рамуальд Камінскі. Кожны ўдзельнік турніру атрымаў спецыяльны прыз ад арганізатараў.

Удзельнікі каманд з Гродна разам са сваімі апекунамі выражаюць асаблівую ўдзячнасць сем'ям з парафіі Св. Патрыка ў Варшаве, якія прымалі футбалістаў на начлег.

Кс. Артур Малафей