Skip to main content

Фотапрывітанне з Панамы: пасланне на дарогу

sdm paslanne 1227 студзеня ў Панаме падышлі да канца 34-я сусветныя дні моладзі, у якіх прыняла ўдзел таксама дэлегацыя з Гродзенскай дыяцэзіі. Групу ўзначальваў дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, адказны ў епіскапаце Беларусі за пастырства моладзі.

Два апошнія дні былі кульмінацыяй гэтага сусветнага форуму. Так званую Імшу паслання, якая была вянцом сустрэчы, узначаліў Папа Францішак, а ўдзел у ёй прынялі 700 тыс. чалавек.

Святы Айцец даў маладым людзям на дарогу канкрэтныя ўказанні, прасіў завезці гэтае пасланне ў свае краіны і дзяліцца перажываннямі апошніх дзён са сваімі аднагодкамі.

Папа нагадаў, што чалавек пастаянна знаходзіцца ў дарозе: “Ідзіце далей, жывіце верай і дзяліцеся ёю. Не забывайце, што вы – не “заўтра”, не “міжчассе”, а Божае “сёння””, – сказаў ён.

Пантыфік заклікаў моладзь не жыць толькі ілюзіямі, а ўжо сёння ўмець сапраўды выбіраць каштоўнасці, якія дазволяць не згубіць сэнсу жыцця і прывядуць да рэалізацыі сваіх мараў.

Напэўна, маладыя людзі будуць вяртацца да гэтых важных словаў Папы, вяртацца ў спакойным стане, калі ўжо вернуцца ў свае дамы.

“Да словаў Папы я хацела б, напэўна, вярнуцца не адзін раз. Хачу перачытаць іх яшчэ раз, каб нішто не парушыла маёй увагі. Гэтыя словы трапляюць у сэрца і матывуюць да дзеяння. Спадзяюся, што мы вернемся дадому лепшымі людзьмі”, – адзначае Елізавета Богуш, якая прадстаўляла на сусветным форуме нашу дыяцэзію.

Пасля Імшы паслання прадстаўнікі Гродзенскай дыяцэзіі вярнуліся ў сем’і, якія іх прымалі ў Панаме, і правялі вечар з імі. “Мы вырашылі прыгатаваць штосьці беларускае для іх і зрабілі бульбяныя аладкі і салату са смятанай, якія вельмі спадабаліся нашай сям’і”, – дадае Елізавета.

Як паведаміў кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, ватыканскай структуры, адказнай за арганізацыю форуму, наступныя, 35-я Сусветныя дні моладзі пройдуць у Лісабоне (Партугалія) у 2022 г. Наша моладзь, якая годна прадставіла наш лакальны Касцёл у Панаме, ужо сёння аднагалосна сцвярджае, што з дапамогай Божай ласкі трэба пачынаць рабіць першыя крокі ў напрамку Партугаліі.

Kс. Юрый Марціновіч