Skip to main content

Музей мініяцюр архітэктурных помнікаў раёна адкрылі ў Сапоцкіне

muzei hramy 4627 студзеня ў Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтры адкрылі Музей мініяцюр вядомых архітэктурных помнікаў Гродзенскага раёна.

У музейным пакоі “Нам засталася спадчына” прадстаўлены каля двух дзясяткаў паменшаных копій архітэктурных помнікаў рэгіёна – касцёлаў і цэркваў. Усе працы выкананы з керамікі майстрамі аграгарадка Верцялішкі каля Гродна.

Ва ўрачыстым адкрыцці музейнага пакоя прынялі ўдзел між іншым біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк, старшыня Аддзела культуры Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта Наталля Рамановіч і старшыня Сапоцкінскага сельскага выканаўчага камітэта Лілія Шаматовіч.

У цэнтры экспазіцыі, як і на карце раёна – горад Гродна, які прадстаўлены макетамі Фарнага касцёла, Каложскай царквы ХІІ ст. і вядомай пажарнай каланчы.

muzei hramy 29

Паменшанымі копіямі прадстаўлены і іншыя культавыя аб’екты рэгіёна: напрыклад, касцёл Унебаўзяцця Нацсвяцейшай Панны Марыі ў Сапоцкіне, Троіцкі касцёл у Індуры, гістарычны драўляны касцёл у Прывалцы.

Прадстаўлены і палацавы комплекс Свяцк, які знаходзіцца недалёка ад Сапоцкіна і дзе зараз вядзецца рэканструкцыя.

Экскурсія па музейным пакоі прадуглежвае не проста знаёмства з тым ці іншым аб’ектам, яго гісторыяй, але і аповед пра мясцовасць, дзе размешчана святыня або палац, іншыя цікавыя месцы, вядомых людзей, звязаных з гэтай вёскай ці мястэчкам. Экспазіцыя не статычная, яна будзе папаўняцца новымі экспанатамі.

У планах – прадставіць страчаныя помнікі рэгіёна. У будучыні наведвальнікі музея падчас майстар-класаў змогуць самі стварыць макеты таго ці іншага будынка з кардону.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Людміла Кавальчук