Skip to main content

На СДМ у Панаме дзейнічае адзіны валанцёр з Беларусі

sdm wolonterПадчас 34-х Сусветных дзён моладзі, якія зараз праходзяць у Панаме, дзейнічае 25 тыс. валанцёраў, 5 тыс. з якіх – з іншых краін свету, а 20 тыс. – мясцовыя жыхары.

У гэтай групе людзей, якія ахвяруюць свой час, таленты і здольнасці, каб гэтая падзея прайшла на высокім узроўні, знаходзіцца Юзаф Гаспарэвіч з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат Гродзенскай дыяцэзіі). Гэта адзіны валанцёр СДМ у Панаме з Беларусі.

Юзаф адправіўся ў Панаму крыху раней, каб разам з іншымі валанцёрамі дапамагаць пілігрымам у час праходжання сустрэчы ў тых месцах, дзе будуць знаходзіцца і сустракацца ўдзельнікі.

24 студзеня група моладзі з Беларусі, якая прадстаўляе на сусветным форуме нашу краіну, сустрэла на вялікае здзіўленне свайго земляка падчас яго служэння.

Біскуп Юзаф Станеўскі, адказны за пастырства моладзі ў епіскапаце Беларусі, падзякаваў маладому чалавеку за яго вялікую адвагу і ахвоту паехаць у далёкую, але вельмі сардэчную Панаму, каб такім чынам уключыцца ў падрыхтоўку і добры ход гэтай сустрэчы. Як адзначыў іерарх, дзякуючы гэтаму іншыя таксама будуць мець магчымасць пазнаёміцца з нашай краінай і людзьмі, якія адкрытыя да нясення бескарыслівай дапамогі.

Kс. Юрый Марціновіч