Skip to main content

Чаканні ад Сусветных дзён моладзі ў Панаме

wydeДэлегацыя маладых людзей з Гродзенскай дыяцэзіі разам з біскупам і двума святарамі ўжо вырушыла ў Панаму ў Цэнтральнай Амерыцы, каб прыняць удзел у 34-х Сусветных днях моладзі, якія будуць праходзіць пад дэвізам “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (пар. Лк 1, 38).

Сваімі чаканнямі, прагненнямі і надзеямі ад сусветнага моладзевага форуму дзеляцца з grodnensis.by яго ўдзельнікі.

Убачыць велізарную мазаіку маладога Касцёла

staneuski

Біскуп Юзаф Станеўскі, адказны за пастырства моладзі ў Беларусі:

“Сусветная сустрэча маладых людзей, якой паклаў пачатак святы Ян Павел ІІ, вельмі чаканая для моладзі. Маладыя людзі хочуць сустракацца, быць разам, глядзець у вочы адзін аднаму і нават адчуць, як б’юцца сэрцы адзін аднаго… Гэтае вялікае свята маладога пакалення – найперш дзяленне верай. Гэта жывая рэалізацыя словаў Хрыста Пана, які сказаў іх сваім вучням, але таксама звяртаецца сёння імі да кожнага з нас: “Ідзіце і абвяшчайце”. Ад гэтага сусветнага форуму моладзь чакае перш за ўсё сустрэчы з чалавекам, бо гэта найважнейшае! Ужо хутка мы сустрэнемся з тысячамі жыхароў Цэнтральнай Амерыкі і маладымі людзьмі з усяго свету!

Перакананы, што гэта будзе цудоўная сустрэча, падчас якой мы будзем прыглядацца да веры адзін аднаго. Гэта нас узбагаціць, пашырыць нашы гарызонты. Сусветныя дні моладзі – адзін са спосабаў умацавання веры. Менавіта там малады чалавек можа дзяліцца радасцю і неспакоем свайго жыцця з супольнасцю аднагодкаў, а таксама абменьвацца досведам з католікамі з усяго свету. Mаё прагненне – падчас СДМ у Панаме ўбачыць малады Касцёл з усяго свету, Касцёл розных твараў, культур, сцягаў, песень, колераў… Бо ўсё гэта разам стварае велізарную мазаіку, якая аздабляе Хрыстовы Касцёл”.

Разам хваліць нашага Пана

bogusz

Елізавета Богуш, парафія Адшукання Святога Крыжа, Гродна:

“Адразу ж пасля таго, як я вярнулася з Сусветных дзён моладзі ў Кракаве, я вырашыла для сябе, што дакладна паеду на наступную сустрэчу ў Панаму і пастараюся ўсё для гэтага зрабіць. І, напэўна, маё жаданне супала з жаданнем Пана, таму што праз некалькі гадзін я апынуся там. Мяне захапляе думка, што так шмат людзей, якія размаўляюць на розных мовах, маюць розны колер валасоў і скуры, збяруцца ў адным месцы, каб праслаўляць Бога. Хутчэй за ўсё, большасць людзей не будзе ведаць, дзе знаходзіцца наша краіна, і мы з нашай групай будзем вельмі рады распавесці ім пра нашу культуру і пра тое, як моладзь у Беларусі перажывае сваю веру. Пра нашы сустрэчы, пілігрымкі, чуванні, пра тое, як чакаем Папу да сябе ў госці! Вельмі спадзяюся, што гэты час будзе напоўнены радасцю і новымі знаёмствамі”.

Прынесці вясну Касцёла ў нашу краіну

gremza

Кс. канонік Антоні Грэмза, душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі:

“Выязджаючы ў дагэтуль невядомую нам і маляўнічую краіну, чакаем, што гэта будзе сапраўднае свята Паўсюднага Касцёла, свята маладога Касцёла, які імкнецца да жыцця ў еднасці з Богам. Апошні Сінод Біскупаў, прысвечаны моладзі, нагадвае, што Езус малады аб’яўляецца людзям. Езус малады, які нясе таксама гэтую вясну Касцёла. Хочам, каб прадстаўнікі нашай моладзі, якія прымуць удзел у Сусветных днях моладзі ў Панаме, насыціліся гэтым духам маладога Касцёла. Менавіта гэтую сапраўдную вясну Касцёла хочам прынесці назад у нашу краіну, каб перадаць гэтую радасць тым, якія не мелі магчымасці паехаць разам з намі. Абавязкова падзелімся радасцю з гэтай сустрэчы, глыбокімі перажываннямі супольнасці адзінага Касцёла, які дзякуючы моладзі пастаянна аднаўляецца і ідзе наперад. Будзем узгадваць усіх вас у нашых малітвах і просім таксама спадарожнічаць нам духоўна”.

 

Kс. Юрый Марціновіч