13 студзеня ў араторыі св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, адбылося свята зімовых імяніннікаў для дзяцей. У святочнай праграме прыняло ўдзел больш за 60 дзяцей і іх бацькоў.
Свята распачалося св. Імшой, якую ўзначаліў кс. Алег Жураўскі SDB. Падчас казання дыякан Артур Ляшнеўскі SDB распавёў дзецям пра хрост і важнасць гэтага сакраманта ў жыцці кожнага чалавека. Дыякан заклікаў прысутных, каб кожны з іх памятаў, кім з’яўляецца праз хрост, і жыў адпаведна.
Калі скончылася св. Імша, дзеці і бацькі накіраваліся ў араторый, дзе іх чакала непасрэдна святочная праграма.
Удзельнікі свята добра правялі час разам, прымаючы ўдзел у розных зімовых гульнях разам з цікавымі героямі ― Анёлам і Зімой.
Напрыканцы праграмы героі павіншавалі дзяцей, якія нарадзіліся ў зімовы перыяд. На завяршэнне ўдзельнікі свята маглі паслухаць і выканаць спеў, у якім падкрэслівалася прыгажосць кожнага чалавека.
Свята зімовых імяніннікаў скончылася агульным фотаздымкам, малітвай і салодкім пачастункам.
Больш фотаздымкаў на sdb.by