13 студзеня ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча для навучэнцаў Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра. На сустрэчы сабраліся навучэнцы і выкладчыкі духоўнай навучальнай установы.
Сустрэча пачалася святой Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім), якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх адзначыў, што ў мінулым годзе быў афіцыйна зарэгістраваны Тэалагічны каледж, які з’яўляецца вялікай надзеяй для ўсяго мясцовага Касцёла. Біскуп падкрэсліў, што менавіта ў гэтай навучальнай установе вернікі могуць набываць адпаведную адукацыю, каб потым весці катэхізацыю ў парафіях Гродзенскай дыяцэзіі або быць сапраўднымі сведкамі Хрыстовага Евангелля ў сваім асяроддзі.
Біскуп заклікаў усіх навучэнцаў каледжа, каб у сучасным свеце яны ўказвалі іншым на хрысціянскія каштоўнасці, якія вельмі часта забываюць. Ён прасіў, каб кожны з іх быў для свайго найбліжэйшага акружэння прыкладам веры і любові да Бога і чалавека.
Пасля Імшы сустрэча працягнулася ў будынку Гродзенскай курыі. Там сабраныя дзяліліся аплаткай, выказваючы адзін аднаму віншаванні. Таксама навучэнцы падрыхтавалі прадстаўленне “Сучасны Бэтлеем”, рэжысёрам якога выступіла Аліна Пяценка.
Асноўнай мэтай прадстаўлення было паказаць, што з-за спешкі і мітусні сучаснага свету людзі не дазваляюць Езусу нарадзіцца ў іх сэрцах. Перапляценне рэалій сучаснага чалавека і біблейскіх персанажаў дазволіла задумацца над тым, што кожны чалавек, які жыве на зямлі, з’яўляецца толькі прахожым.
Словы “я нямы і ты нямы”, сказаныя падчас прадстаўлення, давалі сігнал да таго, каб адкрыцца на іншага члаавека, адчыніць дзверы свайго жыцця для яго, каб гэтая немата не знішчала ў нас тое, што дае нам Народжаны Езус.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў навучэнцам за гэты прыгожы вечар і пажадаў, каб здабытая ў каледжы навука пашырылa для іх гарызонты жыцця, каб яны яшчэ больш пазнавалі Бога і імкнуліся дзяліцца Ім з іншымі.
Kс. Юрый Марціновіч