Skip to main content

Дзеці з цяжкасцямі развіцця наведалі парафію Святога Духа ў Гродне

alshanka invalidy 2Перажываючы радасць Божага Нараджэння, парафію Святога Духа ў Гродне (Альшанка) наведалі дзеці з цяжкасцямі развіцця разам са сваімі бацькамі.

Як адзначыў пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда, такія сустрэчы ўжо сталі традыцыяй. “Мы вельмі цешымся, што можам падзяліцца радасцю з дзецьмі з цэнтра дапамогі інвалідам”, – дадаў святар.

У гэтым годзе сустрэчу правёў у капліцы вікарый кс. Андрэй Белаблоцкі, які патлумачыў сабраным сэнс святаў Божага Нараджэння і запрасіў дзяцей пабачыць сімвалічную стаенку, якая прадстаўляе момант прыйсця Збаўцы ў свет.

Потым у атмасферы любові і радасці прысутныя падзяліліся аплаткамі і выказалі віншаванні адзін аднаму. Для некаторых дзяцей гэта было першае такое перажыванне святаў у сваім жыцці. Парафіяльная моладзь разам з сёстрамі ядвіжанкамі, якія служаць у парафіі, праспявалі для гасцей калядкі і пастаралкі. Таксама для іх упершыню выступіў моладзевы гурт, заснаваны пры парафіі.

Затым дзеці з цэнтра дапамогі інвалідам таксама падзяліліся сваімі талентамі, спяваючы і чытаючы вершы. У гэты дзень ніхто не застаўся без падарунка.

JM