4 студзеня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне распачаліся рэкалекцыі “Распазнанне паклікання” пад назвай “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць... (Лк 2, 10)”. Удзел у духоўных практыкваннях – неацэнны скарб для кожнага юнака, які ўсведамляе сваю адказнасць за выбар уласнай жыццёвай сцежкі і прагне ставіць Божую волю на першае месца.
Каля 60 міністрантаў сустрэліся на супольнай Эўхарыстыі, якую ўзначаліў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Гамілію прамовіў рэктар семінарыі кс. Віталій Вайцяхоўскі, у якой спрабаваў запаліць у сэрцах удзельнікаў прагненне наследаваць Хрыста ў штодзённым жыцці.
Рэкалекцыі працягваюцца, а юнакоў наперадзе чакае праграма вельмі насычаная, якая апроч іншага прадугледжвае разважанне над Божым словам, св. Імшу, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, сустрэчы ў групах, канферэнцыі, індывідуальныя размовы з душпастырам пакліканняў кс. Андрэям Лішко і знаёмства з семінарыйным жыццём.
Яўген Амасёнак, семінарыст