Skip to main content

Адбылася аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў пілігрымкі “Гродна – Рось” i валанцёраў Дня дзіцяці

aplatak paudniowy 4926 снежня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў чарговы раз сабраліся на сумеснай малітве і аплаткавай сустрэчы ўдзельнікі пілігрымкі “Гродна – Рось” i валанцёры Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці.

Сустрэча, на якую прыбылі пілігрымы і валанцёры з горада Гродна і наваколля, пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў кіраўнік пілігрымкі i арганізатар Дня дзіцяці ксёндз Юрый Марціновіч.

Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх тых, хто ўдзельнічаў у сёлетняй пілігрымцы і Дні дзіцяці. Малітвамі агарнулі таксама ўсіх ахвярадаўцаў, дзякуючы дапамозе якіх магчыма арганізацыя гэтых мерапрыемстваў, якія трывала ўпісаліся ў каляндар Гродзенскай дыяцэзіі.

aplatak paudniowy 24

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч распавёў пра постаць св. Стэфана, першамучаніка, якога Касцёл успамінае ў другі дзень святаў Божага Нараджэння. “Святы Стэфан заклікае нас сёння, каб мы адарвалі позірк ад святочных дэкарацый і святочнага стала, а паглядзелі на Езуса і ўбачылі Яго такім, які Ён ёсць на самой справе. Для гэтага трэба ўсвядоміць тую праўду, “адкуль” Езус прыходзіць, але таксама “куды” Ён ідзе і вядзе нас”, – дадаў святар.

Ксёндз Марціновіч падкрэсліў, што ў дзень свайго нараджэння для неба св. Стэфан дапамагае людзям зразумець, што хрысціянства патрабуе ад сваіх вызнаўцаў часта вялікага самапрысвячэння. “Адказам на гэтую міласэрнасць Бога, якая аб’явілася ў прыйсці Яго Сына ў свет, павінна ў кожным чалавеку быць пастава св. Стэфана, які прыняў праўду пра збаўленне, не захоўваючы яе толькі для сябе, а сведчачы пра яе ўсім сваім жыццём”, – адзначыў ён.

aplatak paudniowy 36

Другая частка сустрэчы прайшла ў дольным касцёле, дзе ўдзельнікі падзяліліся аплаткамі, выказваючы адзін аднаму святочныя віншаванні. Былі ўзгаданы таксама радасныя хвіліны сёлетняга Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які сабраў больш за 2500 дзяцей з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі і прадстаўнікоў іншых дыяцэзій, і пешай пілігрымкі, якая пакінула след у сэрцах яе ўдзельнікаў.

Сустрэча завяршылася гарбатай і інтэграцыйнымі забавамі. Разыходзячыся, удзельнікі абяцалі адзін аднаму, што ў новым годзе ў чарговы раз сустрэнуцца на Дні дзіцяці і ў пілігрымцы, каб такім чынам працягваць добрую справу, якая вучыць адважна сведчыць пра Хрыста.

Ганна Глябовіч

Фота: Уладзіслаў Кузікевіч