Skip to main content

Біскуп Станеўскі на пастэрцы ў катэдры: створым прыгожую сям’ю дзецей Божых

pasterka k 37Святую Імшу пастэрку ў ноч Божага Нараджэння ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

На Эўхарыстыі сабраліся вернікі катэдральнай парафіі, а таксама жыхары Гродна.

У гамілі іерарх адзначыў, што ва ўрачыстасць Божага Нараджэння разам з пастушкамі і мудрацамі мы схіляем калені перад таямніцай Бога, які стаўся Чалавекам. “У Бэтлееме Юдэйскім пачалася прыгожая гісторыя, Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, у жыццё кожнага з нас, каб мы нанова “ад Бога нарадзіліся” і такім чынам сталі адзін аднаму братам і сястрой – ствараючы прыгожую сям’ю дзяцей Божых”, – сказаў ён.

pasterka k 23

Па словах біскупа, больш за две тысячы гадоў таму зорка заззяла не толькі над Бэтлеемам і не толькі адзін раз. “Яе святло мы бачым і сёння, там, дзе прабачэнне і згода, прымірэнне і любоў. Атмасфера цеплыні бэтлеемскай ночы ахутвае і сёння сем’і, якія прабываюць у згодзе, схіляецца над хворым і дае накірунак бяздомным і бежанцам”, – дадаў іерарх.

Як патлумачыў біскуп, Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, жыве ў сваім Касцёле. Ён прыходзіць да людзей у таямніцы Эўхарыстыі, якая ўтварае цэнтр жыцця Касцёла; ахвяруе людзям сваё Цела і Кроў на ўмацаванне, на годнае жыццё, на прадказанне вечнасці, да якой мы ўсе імкнемся.

Іерарх заахвоціў прысутныя сем’і падтрымліваць святочныя традыцыі і звычаі, якія з’яўляюцца багаццем кожнага народа. “Будзем трымацца традыцый нашых айцоў, а адначасова не закрываць сэрцаў на бліжніх, дзяліцца радасцю, бо Бог пасяліўся сярод нас”, – заклікаў ён.

Карыстаючыся нагодай, біскуп выказаў усім прысутным святочныя віншаванні. Ён пажадаў, каб Нованароджаны, які прыходзіць падчас кожнай Эўхарыстыі, знайшоў годнае месца ў сэрцах людзей і ў кожнай сям’і нашай краіны, а святло бэтлеемскай зоркі было заўсёды знакам трывалага міру ў свеце.

pasterka k 25

"Няхай у вашым жыцці будзе дастаткова веры і надзеі, каб мы маглі захаваць і абараніць спакой і згоду ў нашым грамадстве. Няхай сёння не плачуць дзеці і не праліваюць слёзы састарэлыя людзі з самоты”, – пажадаў іерарх.

На заканчэнне святочнай Эўхарыстыі, якая была звеставаннем вялікай радасці аб нараджэнні Сына Божага, абяцанага Месіі, які прыйшоў у свет з дарам збаўлення, біскуп, святары і вернікі падзяліліся аплаткай, выказваючы адзін аднаму віншаванні.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Мікіта Барташэвіч, семінарыст