23 снежня ў парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі адбыўся XVI конкурс на лепшую бэтлеемскую стаенку. На штогадовы конкурс было выстаўлена амаль 50 стаенак.
Усе працы былі выкананы дзецьмі з удзелам бацькоў. Тэматыка была звязана з гістарычнай бэтлеемскай стаенкай, дзе дзве тысячы гадоў таму нарадзіўся Езус Хрыстус. Акрамя Святой Сям’і з Назарэта, дзеці змясцілі ў стаенкі жывёл, якія былі сведкамі нараджэння Божага Сына.
Конкурс на найпрыгажэйшую стаенку ў парафіі стаў ужо традыцыйным. У час Адвэнту дзеці духоўна рыхтуюцца да належнага перажывання святаў Божага Нараджэння разам з бацькамі ў сваіх дамах, ствараючы бэтлеемскія стаенкі.
Арганізатар конкурсу кс. Ян Гавецкі ўручыў дзецям маленькія падарункі за ўдзел і падзякаваў за тое, што такім чынам яны жадаюць захоўваць прыгожыя традыцыі, якія існуюць у іўеўскай парафіі.
Kс. Юрый Марціновіч