Святую Імшу пастэрку ў ноч Божага Нараджэння біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў у парафіі Хрыста Валадара ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход).
У святочнай літургіі ўдзельнічалі шматлікія парафіяне і госці, якія прыбылі цэлымі сем’ямі, каб перажыць гэтыя хвіліны – усе з малітоўным настроем і вялікай радасцю ў сэрцы. Менавіта гэтай ноччу абвяшчаецца радасная вестка аб тым, што дзве тысячы гадоў таму на тэрыторыі Рымскай імперыі ў маленькім мястэчку Бэтлеем нарадзіўся збаўца свету.
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што маленькае, безабароннае, патрабуючае апекі Божае Дзіця, прыйшоўшы, змяніла гісторыю свету, бо менавіта такое дзеянне Бога ў свеце: ціхае, незаўважнае, непрыкметнае.
"Пан Езус не хоча змяняць свет насіллем, сілай, страхам. Ён выбірае дабрыню, цярплівасць, пакору. Хоча кранаць нашы сэрцы, каб мы, гледзячы на Божае Дзіця, змянілі наша мысленне, наш погляд на Бога, на свет, на іншых людзей”, – адзначыў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што Езус прагне ўзрушыць сэрца кожнага чалавека, каб усе зразумелі, што дабрыня, ціхасць, чуласць і пакора – не знак слабасці, а знак велічы Бога, які нікога ні да чаго не хоча прымушаць.
"Бог шануе чалавечую свабоду, цэніць чалавечы выбар, звяртаецца да чалавечага сэрца. Бог разлічвае на чалавека”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне. Па яго словах, нованароджаны Езус Хрыстус аб’яўляе нам іншае аблічча Бога – аблічча, поўнае дабрыні і любові, убоства і пакоры.
“Гэта аблічча Бога, які стаўся адным з нас, прыйшоў у гэты свет, каб аб’явіць нам сваю любоў і навучыць нас дзяліцца любоўю з іншым чалавекам”, – дадаў іерарх.
Біскуп звярнуў увагу, што мэта святаў Божага Нараджэння – узрушыць усіх людзей да глыбіні, дапамагчы ім адкрыцца на бліжняга, дзяліцца любоўю з кожным, каго Бог ставіць на нашым шляху.
“Калі мы гэта зразумеем – будзем шчаслівыя, бо ў асобе бліжняга спаткаем Хрыста, які нараджаецца і прыходзіць да нас. Калі не – можа аказацца, што, нягледзячы на вольнае месца ля вігілійнага стала, Езус Хрыстус за яго не сядзе, бо мы Яго папросту не заўважым”, – патлумачыў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што ў ноч Божага Нараджэння “ўсе людзі пакліканы адкрыць тое, што найважнейшае ў нашым жыцці – любоў Бога”, а “Хрыстус, які прыходзіць у таямніцы Нараджэння, нагадвае нам, што мы можам Яго сустрэць не толькі ў бэтлеемскай стаенцы”.
“Мы сустракаем Яго штодзённа ў іншых людзях – нашых братах і сёстрах, а асабліва ў хворых, у асобах пажылога ўзросту, самотных, сумных і пакінутых, у кожным, хто патрабуе нашай любові”, – сказаў іерарх.
На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. Томаш Ксянжкевіч CMF падзякаваў біскупу за тое, што ён абраў гэтую парафію месцам цэлебрацыі такой важнай ва ўсім годзе літургіі. Святар запэўніў, што парафіяльная супольнасць у сваіх малітвах пастаянна памятае пра свайго біскупа і падтрымлівае ўсе яго ініцыятывы малітвамі і ахвярамі.
Затым дзеці, моладзь і дарослыя прадставілі святочную містэрыю, у якой паказалі важнасць адкрыцця свайго сэрца на дар Божай любові. Было падкрэслена, што ніякія іншыя рэчы не могуць засланяць чалавеку Бога, а Ён павінен валадарыць у кожным сэрцы і ў кожны час.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Роберт Мора