Дарагія браты і сёстры!
У вігілійную ноч мы спяваем: “у яслях ляжыць, хто паверыць... ?!” Сапраўды, ці Бог абраў бы сабе месца ў яслях? Аднак жа Яго адаруюць анёлы, захапляецца Ім Найсвяцейшая Маці Марыя, глядзіць ахоплены клопатам святы Юзаф, з радасцю схіляюцца пастушкі, і ўсе задаюць адно пытанне: “Ці гэта праўда, што Бог выглядае так, як кожны чалавек?”
Любыя! Божы Сын пакладзены на сена. Гэта цуд, які мы спазнаём, перад якім молімся, які нас затрымлівае перад сабой: калядкі, дзяленне аплаткай, пастэрка і пытанне ў тваім і маім сэрцы: ці сапраўды Бог ажно так палюбіў свет?
Павер, брат і сястра, што гэта Бог! Ён чакае, адкрый перад Ім сваё сэрца і не бойся, там шмат дабрыні і цеплыні. Я перакананы, што ў гэтай сустрэчы нашых сэрцаў ажыве велізарная моц надзеі і любові, спавітая верай.
Няхай сёлетнія святы Божага Нараджэння ў чарговы раз дапамогуць нам усвядоміць, што Бог выглядае менавіта так, як сам жадаў. Таму паглядзім на сябе ў гэтыя святы Божага Нараджэння і Новага 2019 года Панскага Божым позіркам, з перспектывы Бога.
Зазірнем у гэтыя святы са свечкай “Caritas” у дамы дзіцяці і дамы апекі для пажылых людзей з надзеяй, што прыйдзе такі дзень, калі ў нашым народзе не будзе кінутых дзяцей і нежаданых бацькоў, учынім “нашу маленькую Айчыну” адкрытай на прыйсце Бога і багатай Богам. Няхай нашы сем’і будуць крыніцай надзеі і радасці для нашай моладзі, якой ужо хутка мы перададзім “лёсы” нашы і свету.
Перад бэтлеемскай стаенкай будзем маліцца адзін за аднаго і памятаць пра “Маленькую Любоў”, што спіць у яслях, і прасіць аб благаслаўленні Божага Дзіцяці для ўсіх людзей добрай волі.
Благаслаўлёных, радасных, добрых і спакойных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2019 года ад Пана.
З пастырскім благаслаўленнем,
Біскуп Юзаф Станеўскі
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі