Skip to main content

Больш за 50 чалавек гуляюць у "Таемнага Санту" ў Шчучыне

santa claus 1906513 640Напярэдадні Раства піярская моладзь у Шчучыне праводзіць акцыю "Таемны Санта". На дадзены момант рэгістрацыю прайшлі ўжо больш за 50 чалавек.

Арганізатары прапануюць зладзіць свята не толькі для блізкіх, але і для выпадковых людзей.

"Вы падрыхтуеце калядны падарунак чалавеку, які трапіць вам выпадковым чынам. У сваю чаргу таксама не застанецеся без увагі", - адзначаюць арганізатары.

Для таго, каб прыняць удзел у піярскай версіі "Таемнага Санты", неабходна было запоўніць анкету. Кожнаму ўдзельніку высылаюць інфармацыю аб тым, каму трэба падрыхтаваць падарунак.

Калі ўдзельнік са школьнай моладзі, абмен будзе адбывацца 23 снежня ў кляштары айцоў-піяраў, дзе падарункі з адпаведнымі подпісамі будуць размешчаны загаддзя.

"Раскрываць сваё імя або не, "Таемны Санта" вырашае сам", - дадаюць ініцыятары акцыі.

Калі ўдзельнік з шэрагу студэнцкай або працоўнай моладзі, то абмяняцца падарункамі можна будзе 24 снежня ў шчучынскай святыні - да або пасля Пастэркі.

"Калі чалавек будзе прымаць удзел у Пастэрцы ў іншым касцёле, але зрабіць падарунак для кагосьці хоча, ён можа пакінуць яго крыху раней у шчучынскім кляштары", - падкрэсліваюць арганізатары.

Паводле katolik.life