Skip to main content

У Навагрудку праходзіць дабрачынная акцыя “Кошык дабрыні”

nv akcyja 1На мінулым тыдні ў магазіне Родны кут па вул. Міцкевіча ў Навагрудку быў дадзены старт дабрачыннай каляднай акцыі Кошык дабрыні.

Арганізатар акцыі – навагрудская парафія Святога Міхала Арханёла сумесна з парафіянамі, а таксама гандлёвыя аб’екты Навагрудка і Навагрудскага раёна. Акцыя накіравана на аказанне дапамогі дзецям з малазабяспечаных сем’яў.

Як расказаў пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жэгарын, упершыню падобная акцыя была арганізавана ў мінулым годзе парафіяй Святога Казіміра ў аг. Уселюб. Сёлета было прынята рашэнне правесці яе больш маштабна, каб дапамогу атрымалі як мага больш сем’яў.

nv akcyja 2

У адкрыцці акцыі таксама прынялі ўдзел пробашч парафіі Святога Казіміра ксёндз Віталій Цыбульскі, сястра Гелена з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, дырэктар Навагрудскага філіяла Гроднааблспажыўтаварыства Валянціна Кандратовіч, парафіяне і работнікі магазіна.

Акцыя праходзіць у розных гандлёвых аб’ектах Навагрудка і магазінах Родны кут у аграгарадках. Ажыццяўляецца збор прадуктаў харчавання, якія не патрабуюць асаблівых умоў захоўвання і з доўгім тэрмінам годнасці (крупы, мука, алей, кансервы, пячэнне і г.д.), гігіенічных прыладаў, канцылярскіх тавараў.

Прыняць удзел у акцыі можа любы жадаючы – для гэтага неабходна набыць пэўны тавар і пакласці яго ў спецыяльны кошык, устаноўлены ў магазіне. Калі “Кошык дабрыні” будзе запоўнены, сабраныя прадукты і тавары паўсядзённага попыту перададуць у сем’і.

Працягнецца акцыя да 10 студзеня. Аказанне дапамогі будзе ажыццяўляцца па меры запаўнення “Кошыка дабрыні”.

nv akcyja 3

Арганізатары акцыі сталі яе першымі ўдзельнікамі і за пару хвілін напоўнілі першы кошык. Спадзяёмся, што і навагрудчане прымуць актыўны ўдзел у гэтай добрай справе. У навагоднія і калядныя святы святочны настрой павінен быць ва ўсіх дзяцей.

Алена Пятрова