6 снежня ў парафіі Св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах (Іўеўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць.
Святую Імшу ўзначаліў кс. Віктар Субель, дэкан Іўеўскага дэканату, пробашч парафіі ў Трабах.
На пачатку літургіі кс. Дзмітрый Нестер, пробашч геранёнскай парафіі, сардэчна прывітаў усіх вернікаў і святароў, якія прыбылі з розных парафій: кс. Яна Гавэцкага, пробашча парафіі ў Іўі, кс. Вітольда Чургана, пробашча парафіі ў Юрацішках.
У гэтыя дні, з 6 па 8 снежня, у парафіі адбываюцца рэкалекцыі, якія праводзіць кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Святар адзначыў, што касцёл у Геранёнах мае багатую гісторыю, якая налічвае амаль 500 гадоў. Але, дадаў ён, трэба памятаць, што важны таксама жывы Касцёл, які складаецца з людзей. Таму трэба клапаціцца аб будаванні гэтага Касцёла.
Напрыканцы кс. Віталій падкрэсліў, што не трэба шукаць розных кніг па псіхалогіі альбо іншых: самая лепшая кніга – гэта Біблія, дзе, па яго словах, ёсць усе адказы на жыццёвыя праблемы чалавека.
Урачыстасць завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту. Вернікі дзякавалі Богу літаніяй да св. Мікалая за гэтага апекуна сваёй парафіі, які дае прыгожы прыклад бескарыслівага служэння іншым.
Прысутныя ў касцёле дзеці атрымалі ў гэты дзень цукеркі ад св. Мікалая.
Руслан Капуста