22 лістапада, з нагоды ўспаміну св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, у гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл) адбылася ўрачыстая святая Імша.
Падчас Эўхарыстыі, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі ўсіх арганістаў, харыстаў і касцёльных музыкаў дыяцэзіі. Музычнае аздабленне Імшы падрыхтаваў гродзенскі хор “Cantate Domino”.
У гаміліі іерарх распавёў пра постаць св. Цэцыліі, да якой асаблівым чынам звяртаюцца людзі, звязаныя з музыкай і спевам і якая, па словах біскупа, з’яўляецца адной з найбольш вядомых і папулярных святых. “Святая Цэцылія будавала свой дом на Евангеллі – на Хрысце, будавала на скале. Нянавісць непрыяцеляў не была ў стане зруйнаваць гэты дом, устаноўлены на скале веры”, – дадаў ён.
Біскуп заахвоціў усіх на ўзор святой моцна трываць у веры, не баяцца вызнаваць сваю веру ў штодзённым жыцці, выражаючы яе праз канкрэтныя ўчынкі любові да Бога і людзей.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў хору “Cantate Domino”, харыстаў, музыкаў, арганістаў, касцёльных музычных супольнасцяў, біскуп Станеўскі заклікаў іх развіваць свае таленты, якімі Бог адарыў кожнага чалавека, a што яшчэ больш важна – дзяліцца гэтымі здольнасцямі з кожным, каго сустракаюць. “Не марнуйце талентаў, атрыманых ад Пана Бога. Спявайце Пану з воклічамі радасці”, – дадаў іерарх.
Пробашч парафіі а. Антоні Пажэцкі OFM Conv падзякаваў прысутным за дар супольнай малітвы, якой маглі ўшанаваць святую Цэцылію, літургічны ўспамін якой стаў добрай нагодай памаліцца за ўсіх, хто звязаны з музыкай і спевам.
Кс. Юрый Марціновіч