Skip to main content

Урачыстае ўвядзенне ў святыню ганаровага каноніка ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB адбылося ў Смаргоні

sdb zdzislau 118 лістапада парафію святога Міхала Арханёла ў Смаргоні наведаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі з нагоды ўрачыстага ўвядзення ў святыню ганаровага каноніка Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB. Надаючы ганаровы тытул ксяндзу Здзіславу ,біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч жадаў выказаць яму падзяку за штодзённае адданае служэнне.

Раздзяліць разам з ксяндзом Здзіславам радасць ад знамянальнай падзеі ў гэты дзень пажадаў рэгіянальны настаяцель Таварыства св. Францішка Сальскага кс. Віктар Гайдукевіч SDB, некаторыя святары Смаргонскага дэканату, а таксама ўдзячныя парафіяне.

Тытул каноніка святары атрымліваюць пажыццёва. Асноўныя задачы канонікаў, акрамя душпастырскіх, – арганізацыя і правядзенне канферэнцый, прысвечаных дакументам Папы Рымскага, паглыбленне культу Маці Божай і святога Казіміра, падтрымка біскупа парадамі, калі да капітула будзе скіравана адпаведная просьба. Акрамя гэтага, канонікі клапоцяцца пра правільнае і адпавядаючае літургічным нормам адпраўленне набажэнстваў.

sdb zdzislau 2

Падчас св. Імшы кс. Віктар Гайдукевіч прамовіў казанне, разважаючы на апакаліптычную тэму, якая была закранута ў Слове Божым. Святар заўважыў, што заўсёды трэба быць чуйным і падрыхтаваным, інакш кажучы, жыць і паводзіць сябе, як належыць веруючаму хрысціяніну, каб пасля не шкадаваць.

Напрыканцы св. Імшы ксёндз Здзіслаў прымаў віншаванні ад парафіянаў з нагоды новага адказнага прызначэння. “Няхай Бог і надалей апякуецца вамі, ксёндз Здзіслаў, і заўсёды дапамагае Вам”, - гучалі словы віншаванняў.

Ксёндз канонік Здзіслаў выказаў падзяку ўсім прысутным на гэтым свяце і ўзгадаў, што 28 гадоў сваёй святарскай паслугі ён правёў на Усходзе, з іх – 19 гадоў у Беларусі.

“Я атрымаў вялікую ласку ад Пана Бога і біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Быць канонікам – гэта вялікая радасць. З Божай дапамогай і людскімі малітвамі буду і надалей імкнуцца годна выконваць усе свае абавязкі”, - дадаў кс. Здзіслаў.

Св. Імша завяршылася пастырскім благаслаўленнем і прыгожым спевам, падрыхтаваным парафіяльным хорам.

Паводле sdb.by