Skip to main content

Урачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай адзначылі ў гродзенскай парафіі Святога Духа

alszanka vostrabramskaja1016 лістапада капліца парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) была напоўнена не выпадкова. Абраз Маці Божай Міласэрнасці спадарожнічае вернікам гэтай тэрыторыі ўжо даўно. Ён змяшчаўся яшчэ ў старой маленькай капліцы, якая знаходзілася на Фабрычным, што пяць гадоў таму была разабрана парафіянамі.

У канцы 90-х гадоў абраз прывезлі з Польшчы айцы францішкане, якія тады апекаваліся маленькай капліцай. Яна нават насіла тытул Маці Божай Міласэрнасці. Пасля ўзнікнення парафіі ў новым раёне на Альшанцы абраз быў перанесены ў новую капліцу, і да гэтага часу там аддаецца пашана Панне Марыі Вастрабрамскай.

alszanka vostrabramskaja2

Пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда адзначыў: “Маці Божай Міласэрнасці вельмі моцна звязана з нашай дыяцэзіяй дзякуючы біскупу Аляксандру Кашкевічу, і мяне вельмі ўсцешыла, калі я, у 2012 г. прыехаўшы ў новую парафію, убачыў у старой каплічцы гэты абраз. Тады мне захацелася, каб і парафія была названа тытулам Маці Міласэрнасці, але ў суседняй парафіі Аўгустовак ужо ёсць парафія пад такім тытулам. Таму я вырашыў, што прынамсі абраз будзе змешчаны ў новай капліцы і касцёле і, безумоўна, мы будзем развіваць культ Маці Божай Вастрабрамскай. І так цудоўна склалася, што ў новай капліцы Яе культ працягвае развівацца і мы Яе вельмі шануем”.

alszanka vostrabramskaja13

У гэты дзень урачыстую Імшу ў парафіі ўзначаліў кс. канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага раёна. У гаміліі ён заахвоціў маладыя сем’і развіваць культ Маці Міласэрнасці, указаў у сваіх разважаннях, якая важная роля маці ў сям’і і роля Нябеснай Маці. Ксёндз канонік пажадаў шматлікім прысутным парафіянам далей несці веру ў Марыю ў сваіх сэрцах.

Варта адзначыць, што падчас Эўхарыстыі ўпершыню выступіў парафіяльны хор дарослых, арганізаваны сястрой ядвіжанкай Францішкай, якая працуе ў парафіі. На заканчэнне Імшы ўсе дзеці, якія ўжо другі год рыхтуюцца да Першай святой Камуніі, атрымалі ад пробашча ў падарунак абраз Маці Божай у рамцы. Сёлета да Камуніі ў парафіі рыхтуюцца каля 300 дзяцей, з іх 140 удзельнічаюць у катэхетычных занятках другі год.

JM