16 лістапада ў парафіi Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне адбылася адпустовая ўрачыстасць. Вернікі ўшанавалі ў гэты дзень Маці Міласэрнасці, абраз якой ужо шмат гадоў знаходзіцца ў галоўным алтары святыні.
Урачыстую адпустовую святую Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў узначаліў кс. Аляксандр Сямінскі. Гамілію прамовіў кс. Раман Рачко, дырэктар Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі.
Святар адзначыў, што адна з важных рысаў вернага люду нашай зямлі – прывязанасць да Найсвяцейшай Маці. Па яго словах, Марыя – найкаштоўнейшы дар, які мы атрымалі ад Езуса Хрыста.
“Мы павінны нястомна дзякаваць Хрысту за тое, што Ён даў нам свой найкаштоўнейшы скарб – сваю Маці. Гэта найбольшы дар Яго міласэрнага Сэрца”, –заўважыў кс. Рачко.
Як дадаў святар, Марыя заўсёды прыходзіць з дапамогай да тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. “Так, як калісьці заўважыла патрэбы маладых у Кане Галілейскай, падобна Яна прыходзіць і ў нашы часы, калі беднае, неспакойнае, згубленае чалавецтва чакае якогасьці ратунку”, – сказаў дырэктар дабрачыннай арганізацыі.
Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за парафіяльную супольнасць, каб на ўзор Марыі, надзейнай Маці Міласэрнасці, усе маглі ісці шляхам, указаным Хрыстом.
На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі падзякаваў вернікам за тое, што ў сваіх штодзённых праблемах яны звяртаюцца да Панны Марыі, якая заўсёды дае ім руку дапамогі.
Kс. Юрый Марціновіч