Skip to main content

2019 год у Касцёле ў Беларусі будзе прысвечаны сям’і

family 457235 640На чарговым пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое мела месца 15 лістапада ў Віцебску, іерархі Каталіцкага Касцёла вырашылі наступны 2019 пастырскі год прысвяціць тэме “Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі”.

У размове з grodnensis.by старшыня епіскапату Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што змяшчэнне ў цэнтр увагі сям’і – адказ на актуальныя выклікі часу.

Сям’я ў цэнтры ўвагі

Іерарх нагадаў, што ў жніўні 2018 г. у Ірландыі адбыўся Сусветны форум сям’і, а ў кастрычніку – Сінод Біскупаў у Ватыкане, прысвечаны моладзі. Гэтыя дзве падзеі былі галоўнымі падзеямі Каталіцкага Касцёла ў годзе, які завяршаецца.

“Усім вядома, што сям’я перажывае нябачны дасюль крызіс. Перажывае яго таксама і моладзь. Моладзь прыходзіць з сям’і. У сям’і нараджаецца новае жыццё, у ёй яно выхоўваецца да самастойнага жыцця”, – кажа Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Іерарх падкрэслівае, што сям’я – гэта галоўная клетка і падмурак грамадства. “Як прыгожа бачыць усмешлівых і радасных дзяцей разам са сваімі бацькамі – знак таго, што сям’я з’яўляецца месцам радасці, шчасця і надзеі. На жаль, далёка не заўсёды ў сем’ях дзеці шчаслівыя. Сведчаць аб гэтым і праяўленні сямейнага гвалту”, – дадае старшыня ККББ.

inauguracyja 26

Праз пастырскую праграму “Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі” Каталіцкі Касцёл у Беларусі жадае дапамагчы нашым сем’ям стаць месцам радасці і надзеі моладзі.

Падкрэсліванне выхаваўчай ролі сям’і

Aрцыбіскуп Тадэвуш Кандусевіч адзначае, што перад Сінодам Біскупаў праводзілася шмат сацыялагічных даследаванняў, якія выявілі, што для сучаснай моладзі галоўнай марай з’яўляецца шчаслівая сям’я. Моладзь хоча быць шчаслівай, што ў сучасным свеце не проста.

“Мы бачым, як затрачваюцца выхаваўчыя функцыі сям’і. Іх усё часцей часцей ад сям’і пераймае грамадства, яго інстытуты і асабліва медыя, якія з’яўляюцца новым кантынентам прабывання моладзі. На жаль, атмасфера гэтага кантынента далёка не заўсёды спрыяе нармальнаму і гарманічнаму выхаванню маладога чалавека”, – заўважае іерарх.

У наступаючым пастырскім годзе Касцёл хоча звярнуць увагу грамадства на выхаваўчую ролю сям’і, каб яна сапраўды стала крыніцай радасці і шчасця для маладых людзей. “Мы будзем звяртаць увагу на тое, што не дастаткова толькі клапаціцца пра фізічнае, культурнае і інтэлектуальнае выхаванне моладзі, але патрэбны клопат і пра духоўнае”, – падкрэслівае арцыбіскуп.

Планы Каталіцкага Касцёла на 2019 год

Па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, планы на чарговы душпастырскі год вельмі вялікія, надзеі таксама. Ён паведаміў, што Касцёл рэалізуе ў гэты час шмат ініцыятыў, якія павінны спрыяць умацаванню сем’яў у нашай краіне. Гэтаму павінны садзейнічаць:

-           адмысловая катэхізацыя не толькі дзяцей, моладзі, але і бацькоў;

-           сустрэчы сем’яў і рэкалекцыі для іх;

-           пастырскае суправаджэнне сем’яў;

-           выхаванне да адказнага бацькоўства саміх бацькоў;

-           папулярызацыя сям’і з многіх пакаленняў: бацькі і дзеці, а таксама бацькі, дзеці, дзядулі і бабулі;

-           дапамога сям’і стаць першай школай хрысціянскага і чалавечага выхавання і санктуарыем малітвы;

-           выхаванне маладога пакалення ў духу адказнасці за самы вялікі і найбольш каштоўны дар, якім з’яўляецца дар жыцця;

-           падрыхтоўка спецыялістаў на курсах сямейнага жыцця;

-           праца сямейных кансультацый пры дыяцэзіях і парафіях і іншае.

Kс. Юрый Марціновіч