3 і 4 лістапада ў Смаргоні адбылося першае спатканне групы “Пошук” для хлопцаў і дзяўчат 10-11 класаў і вышэй. Сустрэчу арганізавалі айцы салезіяне і сёстры салезіянкі.
Спатканне праводзілася з мэтай даць моладзі магчымасць нанова адкрыць прыгажосць хрысціянскага жыцця і ўбачыць сябе па-новаму. Удзельнікі два дні разважалі над тэмай “Я – гэта дар”.
Юнакі і дзяўчаты ўдзельнічалі ў канферэнцыях, падчас якіх атрымалі парады па пошуку свайго паклікання, дзяліліся разважаннямі і вопытам, а таксама мелі час на асабістую малітву. Таксама для моладзі салезіянамі супрацоўнікамі была арганізавана гульня-квэст. Прымаючы ў ёй удзел, моладзь навучылася працаваць у камандзе і лепш пазнала Смаргонь.
Напрыканцы першага дня ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць памаліцца ў цішыні падчас адарацыі.
Другі дзень сустрэчы распачаўся св. Імшой, якую ўзначаліў кс. Алег Каралёў SDB. Падчас гаміліі святар звярнуў увагу на тое, што трэба мець Бога як цвёрдую апору свайго жыцця і не забываць пра тых, хто знаходзіцца побач.
Напрыканцы былі падведзены вынікі: удзельнікі не толькі падзяліліся сваімі ўражаннямі, але выказалі прапановы і пажаданні на будучыя сустрэчы.
Паводле sdb.by