3 лістапада ў касцёле імя св. Францішка Ксаверыя ў Гродне канонікі катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра памаліліся ў інтэнцыі спачылых святароў, якія неслі паслугу ў дыяцэзіі.
Святары адгаварылі брэвіярый, пасля чаго пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі ўзначаліў св. Імшу.
З гаміліяй да сабраных звярнуўся кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч. Святар заклікаў вернікаў узгадаць у малітве тых святароў, якія “ўвялі” іх у хрысціянства: пахрысцілі, удзялялі св. Камунію, дапамагалі знайсці адказы на складаныя пытанні. Пасля кс. Чэслаў папрасіў асаблівым чынам ушанаваць тых душпастыраў, якія неслі паслугу на Гродзеншчыне ў цяжкія часы абвяшчэння Евангелля.
Напрыканцы літургіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў вернікам за памяць аб памерлых святарах і іх дагледжаныя месцы пахавання, якія “зіхацяць лампадамі падчас актавы ўсіх памерлых вернікаў”.
“Спадзяюся, калі прыйдзе наш час адысці да Нябеснага Айца, мы таксама будзем прысутнічаць у вашых малітвах”, - дадаў святар.
Напрыканцы літургіі прысутныя адгаварылі ў інтэнцыі памерлых душпастыраў “Анёл Панскі”.
Ангеліна Марцішэўская