Skip to main content

Урачыстасць Усіх Святых у Суботніках: верна ісці за Езусам

subotniki swiatyja 21На ўрачыстасць Усіх Святых у касцёле св. Уладзіслава ў Суботніках (Iўеўскі дэканат) сабралося больш за паўтысячы вернікаў з парафіі, дэканату і нават з-за межаў Беларусі.

У гаміліі падчас Імшы, гаворачы пра ўшанаванне ўсіх святых, пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч распавёў прысутным пра тры вымярэнні Касцёла: Касцёл пілігрымуючы, пакутуючы і трыумфуючы.

subotniki swiatyja 1

1 лістапада – гэта свята ўсяго трыумфуючага Касцёла ў нябёсах, далучыцца да якога мы імкнёмся і які ўшаноўваем на зямлі. Таксама святар нагадаў, што святасць магчымая для кожнага чалавека, нягледзячы на яго прафесію і сацыяльны статус, галоўнае – праўдзіва і верна ісці за Езусам, быць верным Богу ў самым малым і часта незаўважальным: у працы, сям’і, адносінах са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі.

Пасля святой Імшы адбылася працэсія на могілкі, падчас якой быў адспяваны Вяночак да Божай Міласэрнасці. На могілках вернікі маліліся на ружанцы ў інтэнцыі ўсіх памерлых.

subotniki swiatyja 22

Пробашч парафіі падзякаваў вернікам за ўдзел ва ўрачыстасці і шчырую супольную малітву. Пасля сабраныя мелі магчымасць запаліць свечкі на магілах памерлых родных і знаёмых, памаліцца аб збаўленні іх душаў, а таксама прысутнічаць на благаслаўленні новых помнікаў.

Людміла Пясецкая