Пра тое, што ўрачыстасць Усіх Святых – свята паклікання кожнага чалавека, які атрымаў запрашэнне да жыцця ў вечнасці, і свята жадання быць з Богам, нагадаў 1 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гэтую урачыстасць, асаблівы дзень, калі Касцёл успамінае ўсіх святых, вядомых і невядомых па імёнах і прозвішчах, іерарх узначаліў Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На малітве сабраліся шматлікія жыхары горада.
У гаміліі біскуп адзначыў, што ў гэты дзень вернікі радуюцца вечнаму шчасцю тых, якія ўжо яго дасягнулі, бо прайшлі зямную пілігрымку і атрымалі вечную ўзнагароду – прабыванне з Богам.
Па словах іерарха, гэта таксама свята тых, хто жыве зараз на зямлі. “Гэта і наша свята – свята нашага паклікання. Яно нагадвае нам, што, незалежна ад таго, кім мы з’яўляемся, чым займаемся, якое асаблівае заданне дае нам Бог рэалізаваць у нашым жыцці, усе мы пакліканы да святасці, гэта значыць запрошаны да жыцця вечнага ў бязмежнай любові Бога”, – сказаў ён.
Як дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, гэта таксама свята прагнення быць з Богам, які з’яўляецца нашым жаданым супакоем, любоўю, шчасцем. Ён падкрэсліў, што, каб дасягнуць гэтага шчасця, трэба разам з вучнямі Хрыста ўвайсці на Гару благаслаўленняў, што вельмі часта звязана са смуткам, пераследам, несправядлівасцю і адсутнасцю любові.
“Толькі тады можна зразумець, што ўсё, што нас сустракае ў гэтым жыцці, усе нашы добрыя і злыя хвіліны, нашы поспехі і паразы, радасці і боль, маюць адзіную мэту, адзін кірунак – павінны давесці нас да неба”, – патлумачыў біскуп.
Як сказаў іерарх, паколькі Бог стварыў кожнага чалавека адзіным і непаўторным, гэты шлях да святасці і збаўлення для кожнага свой. “Таму што Пан Бог не хоча мець перад сабой у небе мільёны копій канкрэтных постацяў святых, а арыгінальных і выключных асобаў, якія свядома і дабравольна, кожная сваім уласным спосабам, аддаюць Яму хвалу сваім жыццём і паводзінамі”, – дадаў ён.
Па словах біскупа, тое, чаму мы можам і павінны навучыцца ў святых, – гэта цярплівае пераадоленне нашых абмежаванасцяў, выкараненне сваіх недахопаў, атрыманне перамогаў над нашымі слабасцямі, а таксама памнажэнне ў сабе хрысціянскіх цнотаў. “Шлях да святасці не закрыты ні перад кім, трэба толькі мець адвагу і жаданне, каб на яго стаць”, – заўважыў іерарх.
Удзельнікі літургіі ў малітве прасілі святых, сваіх нябесных памочнікаў і апекуноў, заступацца за іх і дапамагаць ісці шляхам Езусавых благаслаўленняў, каб калісьці, пасля заканчэння зямной пілігрымкі, яны таксама маглі апынуцца ў ліку шчаслівых жыхароў нябеснай айчыны.
Пасля святой Імшы адбылася жалобная працэсія па касцёле, падчас якой вернікі маліліся за ўсіх, хто скончыў зямную вандроўку і на шляху да неба затрымаўся ў чыстцы, каб перанесці пакаранне за здзейсненыя грахі.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Вікторыя Гурская