29-30 кастрычніка адбылася фармацыйная сустрэча для святароў Гродзенскай дыяцэзіі ад 1 да 8 гадоў святарства. Сустрэча прайшла ў Доме міласэрнасці ў Сапоцкіне каля Гродна. У ёй прынялі ўдзел каля 20 святароў.
У праграме былі Эўхарыстыя, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, канферэнцыі і братэрскія размовы.
Першую ўступную канферэнцыю, прысвечаную асабістай культуры святара, прамовіў кс. Ян Сарэла, aдказны мадэратар за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі. Ён адзначыў, што кожны святар мае абавязак ставіцца да ўсіх людзей з безумоўнай павагай, незалежна ад абставін, і заўсёды павінен паказваць высокі ўзровень асабістай культуры.
Айцец Андрэй Шчупал, выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, прысвяціў сваю канферэнцыю тэме споведзі вернікаў у асабліва цяжкіх сітуацыях іх жыцця. Ён звярнуў увагу, што служэнне спаведніка вельмі патрабуючае і адначасова абавязваючае, бо ён пакліканы быць “сведкам” інтымнага дыялогу чалавека з Богам – аб тым, што ў яго жыцці найцяжэйшае, найбольш прыгнятаючае, а таму самае балючае.
Фармацыйная сустрэча завяршылася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падзякаваў святарам за іх добрую ахвоту ўзрастання ў Божай ласцы і штодзённае прысвячэнне сябе іншым людзям, якім яны служаць асабліва ў канфесіянале.
Kс. Юрый Марціновіч