Skip to main content

Семінарысты з канцэртам у Смаргоні: служыць Богу праз музыку і спевы

smargon ave 621 кастрычніка ў Цэнтры культуры ў Смаргоні выступіў з канцэртам музычны гурт „Ave” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Канцэрт адбыўся з нагоды адпустовай урачыстасці ў гонар св. Яна Паўла ІІ, апекуна смаргонскай парафіі.

У канцэрце прынялі ўдзел усе пакаленні парафіян, запрошаныя госці і жыхары Смаргоні. Сваімі ўражаннямі ад канцэрту і ад удзелу ва ўрачыстасці ў гонар святога Папы падзяліліся семінарысты.

smargon ave 8

Семінарыст Андрэй Юхнік:

„Прыемна бачыць, як наш гродзенскі Касцёл развіваецца. Урачыстасць у парафіі Св. Яна Паўла ІІ гэтаму пацвярджэнне.

Мяне вельмі здзівіла колькасць слухачоў, якія з зацікаўленасцю прыйшлі паслухаць хрысціянскую музыку. Сярод іх асабліва шмат было дзяцей. Людзі былі вельмі адкрытыя, таму лёгка было наладзіць дыялог з імі са сцэны.

Мы стараліся падабраць песні для кожнага ўзросту, каб можна было засяродзіцца над верай і прысутнасцю Бога ў жыцці кожнага з нас, а таксама праславіць Бога танцам і шчырымі ўсмешкамі”.

Семінарыст Яўген Амасёнак:

„Я атрымаў вялікую асалоду ад магчымасці дзяліцца падчас канцэрту тым, што з'яўляецца найкаштоўнейшым у жыцці кожнага семінарыста, а менавіта асабістымі адносінамі з Хрыстом.

Лічу, што наша музычная творчасць з'яўляецца добрай нагодай да таго, каб сведчыць аб велізарнай Божай любові, якую нястомна пазнаем у штодзённым жыцці. Амаль немагчыма не заўважыць удзячны позірк людзей падчас выступлення, што выклікае, асабіста ў мяне, яшчэ большае прагненне служыць Богу праз музыку і спевы”.

 

Kс. Юрый Марціновіч