21 кастрычніка пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) адбыўся вечар пад назвай “Размовы з Янам Паўлам ІІ”. Такім чынам напярэдадні літургічнага ўспаміну святога Папы-славяніна ўшанавалі яго памяць.
Парафіяльны тэатр імя св. Яна Паўла ІІ пад кіраўніцтвам Марыны Жыбартовіч і парафіяльны моладзевы гурт “Liberamente” пад кіраўніцтвам Ганны Кулікоўскай падрыхтавалі паэтычна-музычную праграму з нагоды 40-годдзя абрання Яна Паўла ІІ на Святы Пасад.
У праграме прагучалі фрагменты прамоваў Святога Айца, якія ён скіроўваў да вернікаў падчас сваіх апостальскіх падарожжаў. Былі выкананы розныя музычныя творы, якія Папа любіў і часта напяваў або спяваў разам з людзьмі.
Таксама з нагоды 40-годдзя яго абрання ў парафіі адбыўся паэтычна-мастацкі конкурс. У ім прынялі ўдзел больш за 20 чалавек ад 7 да больш чым 40 гадоў.
Пробашч парафіі а. Дзмітрый Лабкоў CSsR падзякаваў маладым здольным артыстам за прыгожае выступленне, багатую праграму і ўзгаданне навучання св. Яна Паўла ІІ, якое і сёння актуальнае і скіравана да ўсіх людзей, што жывуць на зямлі.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Галіна Валюшка