21 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў з пастырскім візітам парафію Cв. Міхала Арханёла ў Луконіцы ў межах кананічнай візітацыі Слонімскага дэканату.
Іерарх узначаліў у парафіяльным касцёле святую Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіі. Падчас Эўхарыстыі ён нагадаў, што ў гэты дзень адзначаецца Сусветны дзень місій.
Біскуп адзначыў, што кожны чалавек павінен стаць місіянерам найперш у сваім бліжэйшым атачэнні. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што кожны новы дзень жыцця людзі павінны пісаць чарговы раздзел Евангелля сваімі ўчынкамі і любоўю да Бога і бліжняга.
Іерарх падзякаваў усім парафіянам на чале з пробашчам кс. Аляксандрам Рудзевіча за клопат аб Божым доме, якім з’яўляецца гістарычная святыня, пабудаваная ў 1782 г.
Візіт біскупа ў парафію завяршыўся асвячэннем двух новых крыжоў: адзін устаноўлены каля касцёла, другі – на могілках, што знаходзяцца паблізу.
“Мы нясем свой крыж з нараджэння да смерці з надзеяй на ўваскрасенне і сустрэчу з нашым Стварыцелем”, – сказаў іерарх. Па словах біскупа, крыж – асаблівы сімвал для ўсяго хрысціянства, найважнейшы сімвал, найбольш красамоўны, бо непарыўна звязаны з Езусам Хрыстом.
Kс. Юрый Марціновіч