21 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне. Іерарх прыбыў у гэтую парафію з нагоды кананічнай візітацыі Слонімскага дэканату.
Пробашч парафіі кс. Аляксандр Рудзевіч прывітаў шаноўнага госця і адзначыў, што яе вернікі з вялікай радасцю чакалі гэтай сустрэчы, таксама з надзеяй на благаслаўленне і скіраванае да іх пастырскае слова.
Біскуп узначаліў Імшу ў мясцовай святыні, якая была пабудавана ў 1913 г. У 1951 г. камуністычныя ўлады зачынілі касцёл і ператварылі ў склад. Ён быў вернуты католікам у 1990 г., цалкам разбураны.
У гэты ж час Божы Провід прывёў у Дзярэчын Жана Керхнера. Яго памерлая ў 1989 г. жонка Ірына паходзіла з гэтых зямель. У час нямецкай акупацыі яна была перавезена ў Германію, пасля Другой сусветнай вайны трапіла ў Францыю, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Жанам. Калі ў 1989 г. Жан аўдавеў, ён паехаў у Беларусь у родную вёску Ірыны, каб адшукаць тут яе сляды. У Дзярэчыне ён натрапіў на разбураны касцёл, у якім Ірына калісьці была ахрышчана (і па якім заўсёды пры жыцці сумавала), дзе прыняла Першую Камунію.
Тады Жан Керхнер прыняў рашэнне аб адбудове роднага касцёла сваёй любімай жонкі, каб такім чынам ушанаваць яе памяць, а таксама скласці ахвяру Богу. Дзякуючы яго вялікай зацікаўленасці і мудрай шчодрасці, у супрацоўніцтве з а. Вітальдам Жэльветрам, разбураная святыня была цалкам адбудавана і вернута парафіяльнай супольнасці. 14 жніўня 1993 г. біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч урачыста асвяціў касцёл.
Падчас візітацыі біскуп Кашкевіч адзначыў, што гэтая святыня сёння захапляе прыгажосцю, і пажадаў, каб вернікі невялікай парафіі дбалі таксама пра прыгажосць сваёй душы, будавалі жыццё на Божым фундаменце і з кожным днём узрасталі ў веры.
Іерарх пацікавіўся тым, якія малітоўныя групы існуюць у парафіі, з якімі радасцямі і цяжкасцямі сустракаюцца кожны дзень яе вернікі.
Kс. Юрый Марціновіч