6 кастрычніка навучэнцы гродзенскай і пінскай семінарый, а таксама навучэнцы I года фармацыі сустрэліся ў сталіцы, каб наведаць самую папулярную выставу “Беларусь і Біблія”, якая праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску.
Падчас выставы семінарысты змаглі сваімі вачыма паглядзець на самыя старажытныя рукапісныя скруткі са Святым Пісаннем на розных мовах, а таксама пазнаёміліся з самымі знакамітымі перакладамі Бібліі першадрукароў. Навучэнцы духоўных устаноў дакрануліся да самой гісторыі – мелі магчымасць патрымаць у руках адзін са старажытных скруткаў, напісаны на старажытнагабрэйскай мове.
Цікавасцю выставы стала і магчымасць асвоіць друкарны станок Гутэнберга і ўласнымі рукамі перапісаць адзін з псальмаў.
Семінарысты атрымалі шмат ведаў і ўражанняў, а таксама ўсвядомілі тую вялікую каштоўнасць Божага слова, да абвяшчэння якога кожны з іх пакліканы.
Андрэй Юхнік, семінарыст