7 кастрычніка ў парафіі Св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Ружанцовай, абраз якой змешчаны ў бакавым алтары касцёла.
Па запрашэнні пробашча парафіі кс. Аляксандра Лебядзевіча святую Імшу цэлебраваў кс. Ян Раманоўскі, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Падчас Імшы можна было прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб у гэты святочны для парафіі дзень з чыстым сэрцам праслаўляць Езуса і Марыю.
У гаміліі кс. Ян засяродзіў увагу на ружанцовай малітве, з дапамогай якой мы ўзносім да Бога розныя справы, просьбы, патрэбы жыцця. „На самой справе, ружанцовая малітва – гэта вельмі плённая малітва, і, каб адчуць яе плён ва ўласным жыцці, у гэта трэба, у першую чаргу, паверыць”, – сказаў кс. Раманоўскі. Святар адзначыў, што да гэтай малітвы заахвочвала Найсвяцейшая Панна Марыя падчас сваіх аб’яўленняў у Фаціме.
“Паверце ў моц гэтай малітвы, паверце, што пры дапамозе яе вы можаце выпрасіць вялікія ласкі для сваіх блізкіх і для ўсяго свету”, – дадаў прэфект семінарыі.
Па словах кс. Яна, гісторыя Касцёла, гісторыя многіх людзей прадстаўляе сітуацыі, калі ружанцовая малітва вельмі шмат змяніла і ўнесла ў жыццё розных асобаў, асабліва калі чалавек верыць у моц і сілу гэтай малітвы.
“Вазьміце ў рукі ружанец, і, можа, адразу не адбудзецца цуд, але пачуцці, які чалавек атрымае пасля гэтай малітвы, напоўняць яго надзеяй і ўпэўненасцю ў тым, што можа быць лепей”, – дадаў кс. Раманоўскі, выказваючы пажаданне, каб Маці Божая Ружанцовая бараніла ўсё чалавецтва ад зла, граху, несправядлівасці і ўсяго таго, што можа перашкаджаць быць добрым хрысціянінам.
Літургію аздабляў спевам парафіяльны хор.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, пры кожнай з пяці каплічак вернікі затрымліваліся, каб прамовіць чарговую таямніцу Святога Ружанца. На заканчэнне працэсіі пры ўваходзе ў касцёл заспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.
Напрыканцы ўрачыстасці пробашч парафіі падзякаваў кс. Яну Раманоўскаму і вернікам за прысутнасць і шчырую супольную малітву.
Людміла Пясецкая