Skip to main content

З Мікелеўшчыны пачалася візітацыя Мастоўскага дэканату

vizitacyja paczatak203 кастрычніка пачалася кананічная візітацыя Мастоўскага дэканату. Першай парафіяй, якую з пастырскім візітам наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, была парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне.

Іерарх прыбыў у парафію, каб згодна з Кодэксам кананічнага права сустрэцца з вернікамі і разам з імі перажыць радасць хрысціянскай веры, каб увайсці ў клопаты членаў гэтай супольнасці і ўмацаваць іх пастырскім благаслаўленнем.

Пробашч парафіі кс. канонік Рышард Якубец пазнаёміў біскупа з яе гісторыяй і людзьмі, якія яе ўтвараюць. Святар адзначыў, што гэта невялікая супольнасць, але вялікага сэрца. Парафія налічвае больш за 200 чалавек.

Ксёндз канонік асабліва падкрэсліў, што вернікі тут вельмі ахвярныя, бо сваімі сіламі падтрымліваюць святыню і клапоцяцца аб тым, каб яна прыгожа выглядала. Дзякуючы старанням руплівага пробашча і вернікаў парафіяльная святыня захапляе сваёй прыгажосцю.

Святую Імшу з удзелам святароў Мастоўскага дэканату на чале з дэканам кс. Віктарам Ханько біскуп Гродзенскі цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх жывых і памерлых гэтай парафіі. Іерарх заклікаў, каб вернікі далей будавалі гэты жывы Касцёл, які складаецца з людзей, былі верныя Хрысту, Евангеллю і Касцёлу.

vizitacyja paczatak11

Біскуп выказаў словы ўдзячнасці шматгадоваму душпастыру гэтай парафіяльнай супольнасці (кс. Рышард Якубец з’яўляецца яе пробашчам 31 год), а таксама парафіянам, якія падтрымліваюць касцёл матэрыяльна і духоўна.

На заканчэнне Эўхарыстыі іерарх удзяліў пастырскае благаслаўленне і прасіў занесці прывітанне ўсім хворым і пажылым людзям, якія не маглі ўдзельнічаць у гэтай малітоўнай сустрэчы.

У бліжэйшыя дні біскуп Гродзенскі наведае іншыя парафіі Мастоўскага дэканату.

Kс. Юрый Марціновіч