30 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Перамянення Пана ў Крэве (Смаргонскі дэканат). Падчас Імшы іерарх удзяліў вернікам гэтай парафіяльнай супольнасці сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
З просьбай аб удзяленні сакрамэнту групе моладзі і старэйшых вернікаў звярнуўся пробашч парафіі кс. Юрый Церабей. Святар запэўніў біскупа, што яны былі адпаведна падрыхтаваны да гэтага.
Канфірмацыя – сакрамэнт, у якім Дух Святы ўдзяляецца ахрышчанаму як дар. Кожны дар – адначасова заданне. Атрыманая годнасць, прывілей, адрозненне ці адзнака заўсёды звязаны з заданнем, якое трэба выканаць.
Таму вернікі крэўскай парафіі, атрымліваючы дары Духа Святога, бралі на сябе заданне ісці шляхам збаўлення. Прымаючы алей хрызма на чало, яны абавязваліся адказваць на гэта кожны дзень пабожным жыццём, апостальствам, служэннем бліжнім і ўдзелам у літургіі для асвячэння і супольнага праслаўлення Бога.
Біскуп Кашкевіч заахвоціў тых, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, штодзень даваць сведчанне аб сваёй прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла і ніколі не быць спакусай для іншых і нагодай да граху.
Kс. Юрый Марціновіч