Skip to main content

15-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння адзначылі святары ў Гродне

15goddze pasviaczenni 1227 верасня святары-аднакурснікі, якія разам скончылі вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і 15 гадоў таму прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне, сабраліся ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сустрэча была арганізавана пробашчам парафіі кс. Аляксандрам Раманоўскім, які ў часы вучобы быў дэканам курса.

На сустрэчы сабраліся святары:

- кс. Віталій Вайцяхоўскі, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне;

- кс. Юрый Кузьміч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары;

- кс. Антоні Казлоўскі, пробашч парафіі Св. Юды Тадэвуша ў Вішневе;

- кс. Юрый Церабей, пробашч парафіі Перамянення Пана ў Крэве;

- кс. Юрый Ігнатовіч, пробашч парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Правых Мастах;

- кс. Яўген Барысюк, пробашч парафіі Найсвяцейшага Збаўцы і Усіх Святых у Гродне і парафіі Святой Сям’і ў Верцялішках;

кс. канонік Павел Салабуда, пробашч парафіі Святога Духа ў Гродне;

- кс. Юрый Канапелька, пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Поразаве.

Урачыстую Імшу падзякі за святарства, якое з’яўляецца вялікім дарам і таямніцай, узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

15goddze pasviaczenni 20

Іерарх прысвяціў сваю гамілію сакрамэнту пасвячэння, падкрэсліўшы, што чалавек прымае яго не для сябе, а для іншых, каб праз штодзённае абвяшчэнне Божага слова і ўдзяленне сакрамэнтаў весці верны народ да збаўлення. “Святары ўносяць дабро і мір, радасць і згоду ў нашы сем’і і грамадствы. Тое, што яны атрымалі ад Бога, нясуць у свет, каб дзяліцца гэтым з ім”, – дадаў іерарх.

Біскуп заклікаў удзельнікаў сустрэчы будаваць найперш святарскую супольнасць, заснаваную на ўзаемнай дапамозе, а затым – супольнасці ў сваіх парафіях, асновай якіх будуць любоў і вера.

“Няхай у вас далей будзе гэтае прагненне супольнасці. Вы разам былі на семінарыйных лаўках, разам на малітве ў семінарыйнай капліцы. Будзьце і сёння разам, каб ствараць супольнасць, дзе пануе атмасфера Вячэрніка”, – сказаў іерарх.

Біскуп заклікаў таксама ўсіх прысутных у касцёле вернікаў малітоўна падтрымліваць сваіх святароў і маліцца аб новых пакліканнях да святарства і манаства.

Дзеці i прадстаўнікі парафіі скіравалі словы віншавання і падзякі за дар паклікання кожнага святара і за магчымасць разам маліцца. Таксама яны павіншавалі кс. прэлата Юзафа Трубовіча, найстарэйшага святара ў Беларусі, які 30 верасня будзе адзначаць 62-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Ганна Герасімовіч