lid dzwony115 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Індустрыяльны) адбылася адпустовая ўрачыстасць. Падчас вячэрняй святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, былі благаслаўлёны 3 званы.

Кожны звон атрымаў сваю назву.

Першы звон – самы малы, вагой 60 кг – быў названы ў гонар Вялікага Папы св. Яна Паўла ІІ, падчас пантыфікату якога была заснавана гэтая парафія, дзе з самага пачатку служаць айцы з Ордэна Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школ (піяры).

Другі звон – сярэдні, вагой 100 кг – названы ў гонар святога Юзафа Каласанса, заснавальніка Ордэна Піяраў, які таксама з’яўляецца апекуном лідскай парафіяльнай святыні.

Трэці звон – самы вялікі, вагой 190 кг – названы ў гонар тытулу парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Жыццё Марыі было прыгожым, як кветка

На ўрачыстасці сабралася шматлікае духавенства з Лідскага дэканату і з-за яго межаў. Вернікі прынеслі ў касцёл букеты прыгожых кветак, першыя плады, лекавыя зёлкі і каласы, як гэта рабілі згодна са старадаўняй традыцыяй на працягу стагоддзяў нашы продкі. Усе разам дзякавалі Богу за сёлетні ўраджай і адначасова нагадвалі сабе, што гэта Ён дае ўсялякае дабро.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці. У гаміліі іерарх разважаў над духоўнай прыгажосцю Панны Марыі. “Усё Яе зямное жыццё было прыгожым, як кветка, бо ў ім не было ніякага ценю эгаізму – яно было цалкам скіравана на Бога і падпарадкавана Яго святой волі”, – сказаў біскуп.

lid dzwony3Іерарх дадаў, што Марыя без ваганняў паверыла ў тое, што паведаміў Ёй Бог, а Яе вера была проста даверам Яму сябе – і не толькі ў хвіліны Звеставання, а на працягу ўсяго Яе жыцця. “За гэтую веру і вернасць Марыя атрымала цудоўную ўзнагароду – разам з целам і душой была ўзята на неба і там узвышана над усім стварэннем, ужо сёння цешыцца паўнатой вечнай радасці”, – адзначыў біскуп.

Кажучы пра адпустовую ўрачыстасць гэтай парафіі, іерарх звярнуў увагу, што Унебаўзяцце Марыі – заахвочванне, каб чалавек ніколі не забываў і не пагарджаў той праўдай, што з кожным днём свайго жыцця ён накіроўваецца да рубяжу зямной пілігрымкі, за якой чакае вечнасць.

Mарыя паказвае мэту жыцця

Па словах біскупа, сучасны чалавек, які вельмі часта заклапочаны, абцяжараны стрэсамі, паглынуты зямнымі справамі, забывае аб тым, што найбольш важнае, што з’яўляецца сэнсам яго жыцця, – аб вечным збаўленні. “Скажам сабе шчыра: калі б мы памяталі, што наша прызначэнне – асягненне вечнага жыцця з Богам, напэўна, шмат нашых думак, слоў, рашэнняў, учынкаў былі б іншыя”, – дадаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Унебаўзятая Марыя паказвае сапраўдную мэту жыцця і ідзе на неба, каб нагадаць усім людзям, што неба прызначана таксама для іх.

Біскуп падкрэсліў, што гэтая ўрачыстасць – гістарычная падзея для лідскай парафіі, бо адбываецца благаслаўленне званоў, якія ў каталіцкай традыцыі маюць важную і ўзнёслую функцыю.

Званы заклікаюць верны люд на святую Імшу, а тых, хто не можа ўдзельнічаць у Найсвяцейшай Ахвяры, заахвочваюць духоўна злучацца з Эўхарыстыяй. “Няхай жа гэтыя званы больш умацоўваюць у нас пачуццё супольнасці, няхай набліжаюць да Бога і дапамагаюць нам штодзённа ўзрастаць у веры”, – пажадаў іерарх.

lid dzwony2Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла. Пробашч парафіі а. Андрэй Агель выказаў удзячнасць усім прысутным за ўдзел і за дар супольнай малітвы

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Маргарыта Снапко

 

© 2006-2017 GRODNENSIS.BY  Creating and programming by Jan_Dax,  design by Alexey Sauhin.