
7-8 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі дні засяроджання.
Духоўныя практыкаванні правёў вікарый гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя кс. Андрэй Струкель. Тэмай разважання ў межах дзён засяроджання была ідэнтычнасць. Ксёндз Андрэй нагадаў гісторыю жыцця Майсея, яго пошукі і адкрыццё свайго паклікання. Святар засяродзіў увагу на працэсе фармавання асобы – ад імкнення “браць усё ў свае рукі” і дзейнічаць так, як Майсей, да “Божага сыноўства”, якое “адкрывае перспектыву вечнага жыцця”.
Адна з канферэнцый была прысвечана тэме “пустыні” — месца, куды ўвайшоў разам з Майсеем народ Ізраэля. Ксёндз Андрэй адзначыў, што “знаходжанне ў пустыні” — неабходны элемент духоўнага жыцця і не канец, а толькі частка шляху, які вядзе да “абяцанай зямлі”.

У праграме дзён засяроджання, акрамя тэматычных канферэнцый, былі супольныя малітвы і асабісты час, а завяршылася сустрэча святой Імшой.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
