4 жніўня вечарам санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі напоўнілі шматлікія вернікі, якія прыбылі між іншым у пешых пілігрымках з Гродна, Ваўкавыска, Мастоў. Прыбыла таксама пілігрымка на роварах з Індуры.
Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх маліўся за ўсіх пілігрымаў, якія наведалі гэты санктуарый у юбілейны год. Сёлета прыпадае 400 гадоў з часу першага цуду, занатаванага ў кнізе цудаў і ласкаў, якая захоўваецца ў мясцовай парафіі.
У гаміліі біскуп адзначыў, што пілігрымы пераадольваюць цяжар дарогі да гэтага асаблівага месца, каб зірнуць у вочы Бога.
“Мы ля крыніцы, адкуль сыходзяць ласкі. Тут мы асаблівым чынам спазнаём прысутнасць Бога, які адорвае нас сваёй любоўю і дае нам супакой сэрца”, – сказаў іерарх.
Па словах біскупа, пілігрымы, якія прыбылі ў гэтае асаблівае для Гродзенскай дыяцэзіі месца, прынеслі сюды праўду пра жыццё чалавека.
“Вы прынеслі да Езуса Журботнага праўду пра саміх сябе, пра асяроддзі, у якіх знаходзіцеся штодзень. Прадстаўце ўсё гэта Пану. Аддайце Яму ўсё з верай. Даверцеся да канца”, – дадаў іерарх.
Звяртаючыся да моладзі, біскуп прасіў: “Заўсёды ідзіце за Хрыстом і будзьце людзьмі праўды”.
Іерарх пажадаў, каб гэтае юбілейнае пілігрымаванне ў Рось перамяніла жыццё кожнага, а гэтыя хвіліны прабывання ў санктуарыі былі напоўнены малітвай і прынеслі плён благаслаўлення.
Пасля Імшы пачалося прэзентацыяй груп пілігрымаў начное чуванне. Затым адбылася канферэнцыя на тэму “Жыць Евангеллем”, з якой выступіў кс. Ян Сарэла, духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Усю ноч пілігрымы трывалі на адарацыі: супольна маліліся і спявалі. Гэта быў час, ахвяраваны імі Пану.
Начное чуванне скончылася працэсіяй вакол святыні і актам даверу ля фігуры Маці Божай Каралевы Міру, якая знаходзіцца побач з касцёлам.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Максім Хаванскі