Skip to main content

Удзельнікі паломніцтва Гродна-Навагрудак пра ахвяру сясцёр мучаніц

int navagrudak 2Калі прыязджаеш у Навагрудак, бачыш звычайнае шчасце мястэчковага жыцця: хтосьці няспешна есць марозіва, седзячы ў парку, хтосьці шпацыруе па плошчы з мірна спячым дзіцём у вазку ці крочыць на рынак, каб набыць прадукты на запланаваную з сябрамі вячэру. Назіраючы за людзьмі, разумееш, што некаторыя з іх, магчыма, цешацца сённяшнім летнім днём дзякуючы ахвяры, здзейсненай 75 гадоў назад у змрочным Батароўскім лесе.

Пра гераічны ўчынак 11-ці сясцёр мучаніц з Навагрудка, якія ў гады Другой сусветнай вайны аддалі жыццё за бацькаў сямей, разважаюць удзельнікі пілігрымкі Гродна-Навагрудак, у дзявяты раз прыбыўшы пакланіцца благаслаўлёным манахіням.

 

Ванда Шаюк, 20 гадоў, парафія Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні

int navagrudak 1

Чым для цябе з'яўляецца ахвяра сясцёр?

Перад усім, гэта вялікі прыклад веры, які рэдка сустрэнеш у сучасным свеце. Нават калі ўзяць практыкуючага католіка, які штогод крочыць у пілігрымцы – наўрад ці ён пойдзе на смерць дзеля бліжняга. За сябе я тым больш не ручаюся. У падобнай сітуацыі хутчэй за ўсё возьме перавагу страх. А сёстры проста верылі, што ўсё будзе па-божаму: што неўзабаве іх чакае збаўленне, уваскрашэнне, сустрэча з Хрыстом. Яны пайшлі на смерць без аглядкі. Якія б мы былі шчаслівыя, клаі б кожны з нас меў настолькі моцную веру! Дзякуй сёстрам, што дадалі надзеі на шчаслівую будучыню!

 

Валерый Руселевіч, 15 гадоў, парафія Святога Духа ў Гродне

int navagrudak 5

Падчас пілігрымкі вас знаёмілі з біяграфіямі сясцёр. Чый жыццяпіс запомніўся? Якая з бл. манахінь стала крыху бліжэй?

Адразу ў думках узнікае с. Гвідона і яе неверагодная працавітасць. З расповядаў памятаю, як яна штогод бралася ўгнойваць агарод зусім ранняй вясной, калі снег з зямлі толькі пачынаў сыходзіць. Не парушыў гэтага ўкладу і прыход у мястэчка нацыстаў. Нягледзячы на пагрозы, якія прынесла з сабой вайна, с. Гвідона да апошняга клапацілася пра ўсё жывое і нежывое, што яе атачала, старанна выконваючы свае абавязкі.

Таксама мяне ўразіла здольнасць усіх 11-ці сясцёр беспярэчна і бяскрыўдна пагадзіцца з тым, што ў тагачасных абставінах жыцці арыштаваных мужчын і ксяндза былі больш неабходныя навагрудчанам, чым іх уласныя. У гэтым ёсць вялікая годнасць манахінь!

 

Дзмітрый Дубай, семінарыст, 3 курс

int navagrudak 4

На тваю думку, чаму вучыць учынак сясцёр мучаніц?

Сярод 11 манахінь з Навагрудка былі і адукаваныя сёстры, якія выкладалі ў школе, клапаціліся пра развіццё сацыяльнага, культурнага жыцця мястэчка. Былі і тыя, хто, на першы погляд, займаўся менш прыкметнай працай, быў менш інтэлігентны. Мы бачым, што ўсе гэтыя манахіні дасягнулі святасці. Яны паказалі, што шлях да яе бывае розным, і што шанец стаць святым мае кожны, незалежна ад таго, кім ён з'яўляецца і чым займаецца.

 

Вольга Рагацэвіч, 20 гадоў, парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах

int navagrudak 3

Што адчуваеш, калі пасля сямі дзён шляху ўваходзіш у Батароўскі лес?

Нашая пілігырмка мае традыцыю: прыходзячы на месца гібелі назарэтанак – паломнікі кладуцца крыжом на заўсёды вільготную зямлю. І, шчыра кажучы, у гэты момант мне зусім не хочацца падымацца на ногі. Хочацца толькі ўдыхаць водар гэтай святой зямлі і напітвацца духам ахвярнай любові манахінь. На вочы адразу накатваюцца слёзы радасці і ціхай журбы – у чарговы раз прыходзіць разуменне, што у той далёкі 1943 год сёстры аддалі жыццё не толькі за навагрудчан, але і за мяне…Бо дзякуючы ім я не проста ўмацоўваю веру ў Бога, але і захоўваю веру ў людзей, бескарысную любоў, дабрыню і самааднанасць.

 

Ангеліна Марцішэўская