29 ліпеня арцыбіскуп Тадэвуш Войда, Мітрапаліт Беластоцкі (Польшча) цэлебраваў вячэрнюю св. Імшу ў катэдральным касцёле Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На пачатку літургіі іерарха прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі арцыбіскуп Войда адзначыў, што дзякуючы Езусу чалавек мае ўсё, што патрабуе: любоў, адзінства і ўменне прабачаць.
"Езус Хрыстус прыходзіць да нас, абы сілкаваць сваім Целам і умацоўваць на шляху нашага жыцця”, - адзначыў іерарх. Арцыбіскуп Беластоцкі заахвоціў трываць пры Касцёле Хрыста і як мага часцей прыступаць да эўхарыстычнага стала.
"Прыміце Езуса ў сваё сэрца, Езуса ў Эўхарыстыі, а Ён будзе вам благаславіць, весці і падтрымліваць. Ён дасць вам неабходныя сілы для пераадолення ўсялякіх цяжкасцяў, каб вы змаглі стаць сапраўднымі вучнямі Збаўцы”, – дадаў арцыбіскуп Войда.
Арцыбіскуп Тадэвуш Войда прыбыў у Гродзенскую дыяцэзію з нагоды святкавання 75-ай гадавіны мучаніцкай смерці бл. сясцёр назарэтанак з Навагрудка. Гэта быў яго першы візіт у Беларусь. Пасаду Мітрапаліта Беластацкога ён займае з 2017 года.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Дзмітрый Малец, семінарыст