Skip to main content

У Смаргоні адбыліся "Канікулы з Богам"

salezijane k z b 1З 9 па 20 ліпеня ў араторыі імя св. Яна Боско ў Смаргоні прайшлі "Канікулы з Богам". Больш за 90 дзяцей разам з аніматарамі, дыяканам Артурам Ляшнеўскім SDB і сястрой Дар'яй Еўтухоўскай FMA, гледзячы на прыклад жыцця бл. Лаўры Вікуніі, разважалі над словамі: "Любоў і дапамога — гэта шлях да Бога".

Удзельнікі летніку былі падзелены на шэсць каманд, у складзе якіх яны разам маліліся і гулялі, адпачывалі і адначасова дапамагалі адзін аднаму ўзрастаць у веры.

Галоўным момантам кожнага дня была св. Імша, падчас якой дзеці праслаўлялі Бога не толькі малітвамі, але і гучнымі спевамі. Потым хлопцаў і дзяўчат чакалі тэатральныя пастаноўкі, дзякуючы якім усе прысутныя маглі пазнаць важныя падзеі жыцця бл. Лаўры. Праводзіліся і працы ў групах, падчас якіх дзеці разважалі над тэмамі дня і дзяліліся сваімі ўражаннямі з іншымі. 

Таксама ўдзельнікам канікул былі прапанаваны разнастайныя гурткі - за дзесяць дзён можна было наведаць адразу тры. Такое рашэнне было прынята, каб даць дзецям больш магчымасцей рэалізаваць свае здольнасці і атрымаць досвед у новай для іх тэме.

salezijane k z b 2

Усе вырабы, якія зрабілі дзеці падчас гурткоў па інтарэсах, у апошні дзень летніку былі прадстаўлены ў араторыі для бацькоў і родных маленькіх майстроў.

Адметнай рысай сёлетніх канікул можна назваць падарожжы. Удзельнікі летніку разам з арганізатарамі наведалі Мінск, а таксама здзейснілі першую дзіцячую пілігрымку да Маці Божай у Гудагай. У Мінску дзеці наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны і заалагічны музей пры БДУ. Паездка ў сталіцу нашай краіны скончылася св. Імшой у касцёле св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл). Пад час пілігрымкі ў Гудагай дзецям трэба было сабраць усе сілы ў кулак і спраўляцца з цяжкасцямі сапраўднага пілігрыма. Нягледзячы на пякучае сонца і шэсць кіламетраў шляху, кожны паломнік быў шчаслівы, хоць і стомлены.

Заканчэнне летніку не абышлося без фінальнага канцэрта, на які былі запрошаны бацькі ўдзельнікаў. Кожная каманда падзялілася сваімі асабістымі талентамі, увазе гледачоў былі прапанаваны віктарына, песня, гульня, сцэнка і нават частушкі. Аніматары разам з дыяканам Артурам таксама падрыхтавалі нумар-сюрпрыз для сваіх выхаванцаў.

Канцэрт, як і кожны дзень лагера, скончыўся слоўкам-сцэнкай на добрую ноч і супольнай малітвай.

Паводле sdb.by