Skip to main content

Вечар сям’і прайшоў у гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля

weczar siamii 1019 ліпеня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) ужо ў шосты раз прайшоў парафіяльны вечар сям’і. Ён адбыўся пад дэвізам “Якая парафія, такая і сям’я”.

На малітве ў святыні сабраліся сужэнцы разам з дзецьмі. Яны прынялі ўдзел у святой Імшы, якая ў гэты дзень цэлебравалася за ўсе сем’і парафіяльнай супольнасці. Прысутныя маліліся аб тым, каб кожная сям’я была “хатнім Касцёлам”, каб у кожнай сям’і на першым месцы заўсёды быў Бог.

Імшу ўзначаліў а. Валерый Мазюк CSsR, які таксама прамовіў гамілію. Ён звярнуў у ёй увагу на важнасць сям’і, якая адыгрывае важную ролю ў асяроддзі і ад якой залежыць наша будучыня. Святар таксама адзначыў, што муж і жонка павінны ўмець маўчаць, і даў такую параду: сесці насупраць адно аднаго, паглядзець адзін аднаму ў вочы і крыху памаўчаць.

Айцец Мазюк дадаў, што менавіта цішыня патрэбна кожнаму чалавеку, каб заўважыць тое, чаго ў штодзённым жыцці чалавек часта не бачыць.

weczar siamii 8

Падчас Імшы прысутныя сужэнцы аднавілі свае абяцанні. Гэты абрад для іх стаў нагодай прыгадаць свае абавязкі ў дачыненні адно да аднаго, якія яны склалі ў дзень заключэння сужэнскага саюзу. Гэта стала своеасаблівым аднаўленнем іх любові адно да аднаго і да Бога.

На заканчэнне кожная сям’я атрымала індывідуальнае благаслаўленне, каб ісці далей праз жыццё ўмацаванымі ў веры, надзеі і любові.

Вечар сям’і стаў сапраўдным святам для парафіяльнай супольнасці. Радасныя дзеці, радасныя бацькі і сужэнцы пакідалі касцёл, каб змагацца са штодзённасцю з новымі духоўнымі сіламі і, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія могуць здарыцца, з вялікім спакоем, бо з імі Бог.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Аляксандр Сергеюк