Пакуль дух пілігрымкі яшчэ палае ў сэрцах удзельнікаў IV пешай пілігрымкі Ліда – Будслаў, валанцёры разам з кіраўніком вырашылі арганізаваць іх сустрэчу. Яна прайшла 7 ліпеня.
Падчас святой Імшы ў лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа кс. Дзяніс Бразінскі нагадаў пілігрымам аб неабходнасці сведчання хрысціянскай веры і разважаў з усімі прысутнымі над тэмай паломніцтва – “Верыць. Разумець. Сведчыць”.
Пасля Імшы валанцёры зладзілі для пілігрымаў выезд на смажанне каўбасак, дзе, акрамя вячэры, можна было патанцаваць, пагутарыць, пастраляць і нават паглядзець футбол. Кс. Дзяніс яшчэ раз падзякаваў усім удзельнікам за адвагу ісці ў пілігрымцы і за прысутнасць на сустрэчы, падзяліўся сваёй радасцю ад сустрэчы і запрасіў на наступны год у юбілейнае паломніцтва. А ўдзельнікі пілігрымкі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад дзевяцідзённага шляху.
Святлана (“мама Света”) ішла ў пілігрымцы трэці раз. І на месцы першага начлегу ў яе было дзіўнае з’яўленне, сапраўдны цуд, дзякуючы якому яна ведала: усё будзе добра. Яна дадае: “Пасля пілігрымкі ў мяне з'явілася шмат новых сяброў, падпісчыкаў у інстаграме і шмат лайкаў! Перад пілігрымкай я нічога не чакала – проста даверылася Богу”.
Для Дзіяны гэта была першая пілігрымка. Цяжка было ісці ў духоўным плане, фізічна было лёгка: “Я разумела, куды, дзеля чаго і з якой інтэнцыяй іду. Вялікая адлегласць не пужала. Атмасфера ў пілігрымцы была камфортная, прыемная і, галоўнае, па-сапраўднаму сямейная”.
Вераніка і Саша прайшлі шлях разам. Вераніка пайшла ў пілігрымку ў другі раз. У мінулым годзе яна несла да Маці Божай просьбу аб неабходных ласках і Божым благаслаўленні для дачкі Віялеты, якую выхоўвае адна, а таксама прасіла, каб Маці адарыла яе моцай і дапамагла знайсці чалавека, які будзе яе спадарожнікам у жыцці. А ў гэтым годзе Вераніка несла ў Будслаў новую інтэнцыю і падзяку за здаровую дачку. Побач з ёю ішоў Саша.
Успамінаючы час пілігрымкі, Вераніка дадае: “Спадзяюся, што ў наступным годзе я змагу крычаць ад шчасця, што мая інтэнцыя была выслухана. І абавязкова буду гатовая падзяліцца гэтай радасцю з усімі, каб паказаць тым, хто яшчэ не разумее, які вялікі Бог!”.
Саша адзначыў, што радасная сямейная атмасфера пілігрымкі паглынае перад выхадам і доўга не адпускае пасля вяртання дадому. Для яго гэта было першае паломніцтва: “Аб ім я даведаўся ад маёй спадарожніцы, з якой разам прайшоў свой шлях. Спадзяюся, што яшчэ будзе магчымасць працягнуць яго. І няхай неба не заўсёды было ясным, надвор'е душы было што трэба”.
Яна Чайко
Фота: Анастасія Муціловіч