7 ліпеня ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях завяршыліся св. Імшой, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка.
Менавіта ў гэтым месцы 20 гадоў таму было абвешчана, што кс. Антоній Дзям’янка, пробашч з Навагрудка, прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.
У Імшы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На Эўхарыстыі прысутнічалі шматлікія пілігрымы з краіны і з замежжа.
Вітаючы ўдзельнікаў літургіі, гаспадар святкаванняў біскуп Аляксандр Кашкевіч агучыў інтэнцыі, у якіх прасіў маліцца ўсіх сабраных. Іерарх прасіў аб малітве за Касцёл на Гродзеншчыне, які ў мінулым годзе распачаў першы гістарычны дыяцэзіяльны Сінод, і аб малітве за маладых людзей, асабліва моладзь Гродзенскай дыяцэзіі. Таксама ён заклікаў да малітвы за сем’і, каб яны ўзрасталі ў веры, надзеі і любові і трывалі з Хрыстом, захоўваючы і памнажаючы скарб веры.
Мы пакліканы любіць і насіць у сэрцы ўдзячнасць
У гаміліі біскуп Антоній Дзям’янка прапанаваў сабраным паразважаць, што такое ўдзячнасць. “Агульна кажучы, гэта пачуццё, якое ўзнікае, калі мы атрымліваем дабро ад іншай асобы. У шырокім сэнсе паняцце "дабро” мае розныя значэнні. Яно атаясамліваецца са станоўчай падзеяй, на якую чалавек павінен адказаць. І гэта менавіта пачуццё ўдзячнасці”, – патлумачыў іерарх.
Па словах біскупа, сапраўднае пачуццё ўдзячнасці вынікае з любові: “Удзячны можа быць той, хто любіць. Эгаісту цяжка дзякаваць, таму што ён вельмі часта прыпісвае заслугі сваім уласным намаганням”. “Адсутнасць падзякі нараджае эгаізм і зусім іншыя, а менавіта спажывецкія, адносіны да чалавека, – дадаў іерарх. – Праца, намаганні іншых застаюцца без увагі. І як наступства гэтага з’яўляецца адсутнасць маральнага абавязку ў адносінах да тых асобаў, якія зрабілі для нас дабро”.
У гэты дзень, як адзначыў біскуп, успамінаем Панну Марыю “не толькі як Маці Хрыста, але як і Маці, якая заўважае дабро, прымае дабро і вучыць нас чыніць дабро сваім прыкладам і за яго дзякаваць. Яна дзякуе за выключны выбар, за ўнікальную ласку, за надзвычайнае мацярынства. Яна ўзносіць падзяку Богу, які ўчыніў для Яе вялікія рэчы. Таксама і падчас укрыжавання Хрыста мы не чуем з вуснаў Марыі ані скаргі, ані ніводнага слова абвінавачавання Бога альбо пытанняў, чаму гэтае мацярынства такое складанае”.
Як заўважыў іерарх, мы не павінны рабіць дабро для іншых толькі для таго, каб атрымаць падзяку: “На падзяку можам спадзявацца, але калі яе не будзе, паспрабуем зразумець гэта па-хрысціянску, так, як вучыць нас Збаўца”.
“Багародзіца ў сённяшнім Евангеллі праз свой прыклад ставіць нам пытанне: ці ёсць у нас пачуццё падзякі да Бога? Ці сапраўды мы ўдзячныя Яму за веру, за атрыманыя ласкі, за сваё жыццё, незалежна ад таго, якое яно? Ці дзякуем Богу нават за цяжкасці, складанасці, за цярпенні, якія многаму нас вучаць і для нас збаўчыя? – прапанаваў падумаць біскуп. – Менавіта ў такім пачуцці ўдзячнасці змяшчаецца не толькі ўсведамленне залежнасці, але найперш наша любоў да Бога, таму што ўдзячны толькі той, хто любіць шчыра”.
“Мы пакліканы любіць і насіць у сэрцы ўдзячнасць, – падкрэсліў іерарх. – І гэтую любоў і ўдзячнасць мы выказваем Езусу, пераадольваючы шлях пілігрыма ў санктуарый Яго Маці ў Тракелях. Гэтым мы сведчым аб сваёй веры ў Бога, аб тым, што для нас з'яўляецца самым дарагім у жыцці”.
Жыць Евангеллем кожны дзень
На заканчэнне сёлетняй урачыстасці ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі біскуп Аляксандр Кашкевіч скіраваў словы глыбокай і шчырай удзячнасці ўсім удзельнікам гэтага свята. Іерарх падзякаваў кс. Аляксандру Рудзевічу, якi шмат гадоў руплiва выконваў абавязкi пробашчa парафіі ў Тракелях і кусташa санктуарыя, i прывітаў кс. Юрыя Бяганскага, які яго змяніў на пасадзе. Таксама біскуп падзякаваў між іншым прадстаўнікам мясцовай улады за дапамогу ў правядзенні гэтых урачыстасцяў.
Звяртаючыся да ўсіх прысутных, іерарх згодна з дэвізам урачыстасцяў “Жыць Евангеллем, як Марыя” заклікаў жыць Евангеллем кожны дзень. “Няхай наша жыццё будзе прыгожым сведчаннем, якое будзем выражаць кожны дзень добрымі ўчынкамі і любоўю да Бога і іншага чалавека”, – дадаў біскуп.
Іерарх пажадаў, каб станавіцца людзьмі веры прысутным дапамагаў прыклад Панны Марыі, якая клапоціцца пра кожнага, а праз Яе рукі каб да кожнага прыйшлі надзея і супакой, благаслаўленне і ласка, суцяшэнне і аздараўленне.
У сваю чаргу новапрызначаны кусташ запрасіў усіх ужо сёння на юбілейныя ўрачыстасці, што пройдуць у наступным годзе. У 2019 г. будзе прыпадаць 10-годдзе каранацыі абраза Маці Божай, 25-годдзе ўстанаўлення санктуарыя і 220-годдзе асвячэння тракельскай святыні.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая