Хвала Хрысту! Радасці ў сэрцы ўсё больш.
Дзень пяты. Апошні.
Сення мы мелі магчымасць больш паспаць. Усе выспаліся, і ўжо бліжэй да Імшы пачалі збірацца. Адныя з пілігрымаў прыехалі на возе з канём. Гэтая фурманка стала фотазонай для паломнікаў. Фота з жывёлай і возам, напэўна, маюць усе.)
На св. Імшу прыехаў таксама біскуп Аляксандр Кашкевіч, памаліўся разам з намі. Пасля ўсе вырушылі да Маці Божай.
Шлях пятага дня вельмі кароткі, з доўгімі прыпынкамі, амаль па гадзіне. Хочацца таксама адзначыць жыхароў вёскі Бастуны, якія заўседы рыхтуюцца да сустрэчы з намі і прапануюць смачны абед: халаднік у спякоту - самае тое.
Канферэнцыю сёння для нас прамовіў кс. Ян Радзюк. “Жыццё вучыць нас веры, надзеі, любові і міласэрнасці, і нельга выбраць штосьці адно. Гэта павінна быць адным цэлым для тых людзей, якія вераць у Бога. Гэтаму і вучыць нас Марыя, вучыць нас любіць бліжняга як самога сябе. Тут і праяўляецца любоў да нашага Нябеснага Айца", - адзначыў святар.
На апошнім пастоі маем традыцыю - “гару прабачэння”. Усе бяруцца за рукі, як адна вялікая сям’я, і разам перапрашаюць за штосьці дрэннае: за тое, што наступалі на ногі, за крыўды... Можна было асабіста падысці да чалавека і абняць яго. Было вельмі прыемна.) Пакінулі ўсё благое ў гэтым месцы, каб увайсці ў Тракелі чыстымі і радаснымі, каб у сэрцы быў супакой, а у галаве - інтэнцыя, з якой прайшлі гэты нялёгкі шлях да Маці Божай.
Ура! Знак з надпісам ТРАКЕЛІ! Неверагодна шчаслівыя ад таго, што зусім блізка наша Матуля. Усе пачалі пець яшчэ грамчэй, махаць стужкамі, крычаць. У мяне наварачваліся слёзы радасці...
Многія пачалі рабіць фота са знакам. Прапаную ўсім, хто рабіў падобныя здымкі, падпісаць іх хэштэгамі. Напрыклад, #тракелі_2018 #пілігрымка #гродна_тракелі_2018 . Будзе цікава потым знайсці і паглядзець фота.
Ісці па Тракелях - гэта неверагодна! Немагчыма ўсе апісаць словамі. Трэба адчуць. Таму запрашаю на наступны год у нашую пілігрымковую сям’ю, каб скаштаваць усё, што адчувае кожны, хто ідзе: намазоліць мазалі, атрымаць паломніцкі загар (па абрысах майкі), памаліцца, паслухаць канферэнцыі, перажыць усе цяжкасці і радасці разам.
Прыйшла пара развітвацца, дарагія чытачы. Памятаю аб усіх у малітве і дзякую, што былі са мной.
Вольга Сяліцкая