Пілігрымка Гродна – Тракелі на сувязі. Добрае надвор’е дадае сіл крочыць далей!
Дзень 3.
Сённяшні дзень быў багаты гасцямі і новымі пілігрымковымі “апосталамі”. Да нас завітаў кс. біскуп Юзаф Станеўскі, які звярнуўся да паломнікаў са словамі: “Вы, пілігрымы, вядзеце за сабой да істокаў нашай радасці. Вельмі важна, каб ў маладым узросце шлях быў накіраваны ў добрым напрамку. На першым месцы павінны быць вера і давер. Трэба, каб у будучым ад вас застаўся ўспамін – будзьце апосталамі сённяшняга часу! Пакіньце сведчанне сваей веры!”
“Няхай гэтая пілігрымка будзе благаслаўлёная!”, - пажадаў іерарх.
Сёння мы таксама мелі рубрыку “Спытайся, адказвае святар!” у анлайн рэжыме. Усе жадаючыя маглі запісаць хвалюючыя іх пытанні на паперцы і перадаць ксяндзам. Уздымаліся самыя розныя тэмы: ад складаных да больш простых, напрыклад, “Чаму вы рашылі стаць святаром?”
На трэці дзень ужо нікога не хваляваў знешні выгляд: дзяўчыны не выбіралі адзенне, не малявалі вочы. Усе сканцэнтраваліся на шляху. Ногі еле ідуць, але ідуць. Дарэчы, яшчэ адзін лайфхак: каб ступні маглі добра адпачыць, на прыпынках трэба падняць ногі ўверх. Будзе сапраўды лягчэй! Дарогу палягчае таксама добры настрой, які задаюць дзякуючы спеву. Сёлета “жжоць” моладзь з бернардынаў.)
Традыцыйна паслухалі канферэнцыю, якую ў гэты раз прамовіў душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза. Святар наблізіў нам тэму міласэрнасці ў жыцці хрысціянінаКалі хочаш ісці Божым шляхам, ты ў першую чаргу павінен быць міласэрным. Менавіта Марыя, наша другая мама, вучыць нас ахвяры, прабачэнню, любові, вучыць адкрываць сваё сэрца на бліжняга. Прасіце Бога дапамагаць вам развіваць дар міласці, а Святая Панна няхай падтрымлівае вашыя змаганні ў штодзённасці”, - адзначыў кс. Антоні.
Самая моцная пілігрымковая малітва – гэта Ружанец. Мы ўсе разам молімся ў інтэнцыях паломнікаў. Калі вы таксама маеце просьбы, дашліце іх у дырэкт grodno_trokeli. Мы абавязкова памолімся ў вашых інтэнцыях і занясём іх да Маці Божай Тракельскай. Не саромейцеся, пішыце.
Адзін з маіх любімых пілігрымковых момантаў – гэта сустрэча з вясковымі бабулькамі, якія частуюць паломнікаў рознымі прысмакамі. Сёння мы пакаштавалі булачкі проста з печы. Смаката! Адна з верніц сказала, што калі міма праходзяць пілігрымы, гэта для іх сапраўднае свята. Прыемна.)
Трэці дзень скончыўся. Дзякуй усім, хто быў побач.
Да сустрэчы, даражэнькія чытачы.
Вольга Сяліцкая